Вырошчванню агародніны ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” надаецца важнае значэнне. Паралельна з агуркамі і таматамі, выпуск якіх наладжаны ў мясцовым цяплічным камбінаце, на 105 га раскінуліся яе абшары і ў адкрытым грунце. З восеньскага ўраджаю рассветаўцам хапае і для ўласных патрэб, і на продаж у фірменных гандлёвых кропках, а выручка істотна папаўняе грамадскую касу.
Як расказаў аграном-агароднінавод Іван Фядотаў, 65 га ў сельгасарганізацыі адведзена пад цыбулю, па 10 га займаюць морква і сталовыя буракі. Яшчэ на 20 га будзе расці капуста. Якраз пасадкай яе ў “Рассвеце” займаюцца гэтымі днямі.
— Расліны гатункаў “кевін” і “проктар” — больш раннія — мы высадзілі дагэтуль на 2 га. Першы ўраджай мяркуем атрымаць ужо ў ліпені. А асноўны ўпор робім на познія гатункі “наватар”, “зянон”, “зіеланор” і “старыдор”. Усе — галандскай селекцыі. Расада па сучасных тэхналогіях спачатку вырошчваецца ў цяпліцы ў спецыяльных касетах. А цяпер дастаўляецца ў поле для высадкі.
У рабочым працэсе ўдзельнічае каманда з некалькіх чалавек. Роўныя радочкі забяспечвае на трактары вопытны механізатар Алег Паўлюц. У яго прафесіянальным падыходзе да любой справы сумнявацца не даводзіцца — больш за 30 год ён у механізатарскім цэху “Рассвета”. Шасцёра работнікаў паляводчай брыгады размяшчаюцца на прычапным пасадачным агрэгаце. Іх задача — кожную расліну расады капусты накіраваць у спецыяльную ячэйку. Далей усё робіць машына: лічаныя секунды — і радкі “вырастаюць” на некалькі метраў. За адзін дзень такім чынам плошча павялічваецца на 2 га.
Уважліва сочыць за працэсам Іван Фядотаў. Ён вызначае нормы высадкі, наладжвае агрэгат, кантралюе якасць. У яго ўсё, як кажуць, нібыта ў аптэцы: паміж раслінамі — па 40 сантыметраў, паміж радкамі — 70.
Дарэчы, як адзначыў тэхнолаг палёў, практычна ўся расада прыжываецца ў глебе. А каб расліны хутчэй набіраліся сіл і наліваліся, ператвараючыся ў сакавітыя качаны, прадугледжаны штучны паліў. Усё робіцца для будучага ўраджаю. А ён, як паказвае практыка, позняй восенню ў “Рассвеце” атрымліваецца важкі.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.