Из династии механизаторов Антоновых
13.05.2019
—
Разное
Больш за трыццаць гадоў на палетках КУСГП “Сіроцінскі” працуе Сяргей Мікалаевіч Антонаў. Будучая прафесія Сяргея вызначылася сама па сабе: бацька ўсё жыццё адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы механізатарам. Падобным на яго, руплівым і адказным, хацеў быць і сын. І гэта, трэба адзначыць, атрымалася.
– Я сам механізатар, сын, брат і бацька механізатараў, – усміхаецца Сяргей. – А яшчэ ў мяне нявестка аграном. Так што ўся сямейная дынастыя звязана з палеткамі і работай на іх.
Неўзабаве з-за лесу паказваецца яшчэ адзін трактар з плугамі. За рулём Віталь, родны брат Сяргея. На апрацаваную зямлю прыязджае Аляксандр, сын Сяргея Мікалаевіча, каб пасеяць кукурузу.
Пакуль мы размаўлялі на полі ля Тропіна, туды прыехала цэлая дэлегацыя: дырэктар гаспадаркі Мікалай Прыгодзіч, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Ларыса Даўгілава, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Сяргей Мікалаевіч усміхнуўся, ведаў жа, з якой нагоды ідуць да яго: павіншаваць з 60-гадовым юбілеем. Усе жадалі вопытнаму механізатару дабрабыту і моцнага здароўя, дзякавалі за работу, уручалі падарункі і прэмію. Пасля віншавання Сяргей Антонаў зноў сеў за руль трактара і паехаў працаваць – у прыпар дарагая кожная хвіліна, і няважна, што ў цябе сёння юбілей.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №37 ад 14.01.2019 г.