Социальные вопросы рассматривали на встрече в Миорах
На ўліку ў службе занятасці насельніцтва раёна 13 беспрацоўных. 210 вакансій прапаноўваюць арганізацыі і прадпрыемствы. У мінулы чацвер Міёршчыну наведалі першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр ХРЫСТАФОРАЎ. На сустрэчы з працоўнымі калектывамі раёна абмеркавалі сітуацыю на рынку працы.
На Міёршчыне 8271 чалавек заняты ў эканоміцы. Непакоіць, што памяншаюцца суадносіны паміж прынятымі на работу і звольненымі. У першым квартале 2019 года – 69 %. Вырашылі памяняць працоўнае месца 520 чалавек, прыняты на работу толькі 358. Ёсць і такія арганізацыі, дзе невялікая кадравая цякучасць, прытым колькасць работнікаў павялічваецца. У іх ліку Дзісенскі лясгас, райаграсэрвіс, СУП “Цітова”, ільнозавод, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, установы аховы здароўя.
У ААТ “Дрыгучы” сітуацыя адваротная: летась 17 чалавек звольніліся, толькі пяцёра папоўнілі рады аграрыяў. Прычына ў адсутнасці працоўнай дысцыпліны, упэўнены начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вячаслаў Бялько. Раней тут былі занятыя асуджаныя на вольнае пасяленне. Скарачэнне колькасці супрацоўнікаў не паўплывала на якасць і тэмпы асноўных сельскагаспадарчых кампаній. Нізкі паказчык прынятых на работу-звольненых і ў ААТ “Узмёнскі край”, што звязана з яго нядаўнім узбуйненнем. Па патрабаванні Полацкага КХП неабходна скараціць 40 чалавек на мясакамбінаце. Гэта будуць работнікі пенсіённага ўзросту. Аднак меры часовыя: у планах мадэрнізацыя забойнай пляцоўкі – давядзецца набіраць персанал. Прычыны скарачэння штата на хлебазаводзе – у далучэнні да Полацкага падраздзялення. Удалося захаваць усе рабочыя спецыяльнасці, стала менш супрацоўнікаў у кіруючым саставе.
Спецыялісты, што страцілі работу, знайшлі сябе ў іншых сферах. Людзі пенсіённага ўзросту пайшлі на заслужаны адпачынак. Адсюль і высокая цякучасць кадраў, перавышэнне колькасці звольненых да прынятых на работу, адзначыў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў.
– Людзі не павінны сыхо- дзіць на вуліцу, – адзначыў Андрэй Лабовіч. – Калі ўзнікае неабходнасць аптымізаваць персанал, трэба ўладкаваць яго на іншае прадпрыемства. Гэта наша асноўная задача. Чалавек павінен быць занятым, няважна ў якой форме: па працоўным дагаворы, тэрміновым, кантракце.
На 1 красавіка ў службе занятасці раёна зарэгістравана 13 беспрацоўных. Між тым прадпрыемствы і арганізацыі прапаноўваюць 210 вакансій. Запатрабаваны бухгалтары, заатэхнікі, аператары машыннага даення, вадзіцелі. Насельніцтва цікавіцца ўмовамі прадастаўлення субсідыі для ўласнай справы. Але далей простага інтарэсу не ідзе – за падтрымкай у 2018 годзе і сёлета не звярталіся.
У раёне сем арганізацый, дзе сярэдняя зарплата за першы квартал не дасягнула 400 рублёў. У іх ліку камбінат бытавога абслугоўвання і шэраг сельгаспрадпрыемстваў. Калі з сельскай гаспадаркай зразумела – работы і адпаведна прыбытак сезонныя – то паслугі насельніцтву аказваюцца пастаянна. Прычыны нізкага заробку ў невыкананні норм выпрацоўкі і рабочага часу, парушэнні працоўнай дысцыпліны і няпоўнай занятасці насельніцтва, лічыць старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў.
Выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва гарантуюць, што з выхадам на заслужаны адпачынак былы работнік будзе атрымліваць пенсію. Але не кожная арганізацыя мае магчымасць пералічваць сродкі. Даўгі некаторых цягнуцца яшчэ з 2000-ых. Напрыклад, у райаграсэрвісе, ільнозаводзе, ААТ “Пад’ельцы” і ВУПКУ “Міёрскі” выплачваюць толькі бягучыя плацяжы.
Як правіла, калі работнік выходзіць на пенсію, арганізацыя павінна пагасіць за яго запазычанасць па плацяжах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта гарантуе ўказ № 40. Значыць, ніхто не застанецца без пенсіі.
Увогуле сітуацыя на рынку працы Міёршчыны напружаная. Сельгаспрадпрыемствы ўвайшлі ў склад Полацкага КХП. У сувязі з банкруцтвам райспажыўтаварыства 70 чалавек з гандлёвай сістэмы засталіся без работы. Але ясна бачныя перспектывы. Хутка адкрыюцца магазіны “Санта-Рытэйл” і Еўраопт, дзе неабходны мясцовыя працоўныя рэсурсы.
Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў заўважыў, што нягледзячы на змяншэнне колькасці работнікаў планы выконваюцца, у тэрмін закончана вясенняя сяўба. Падзякаваў за актыўнасць і старанне. Адзначыў: ва ўмовах скарачэння штата павінен расці заробак у тых, хто застаецца на роднай зямлі і стварае яе дабрабыт.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Алена ВАРОНІНА.