Прадстаўнікі раённай улады певіншавалі напярэдадні Дня Перамогі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны
У Шаркаўшчынскім раёне на сённяшні дзень пражываюць толькі два ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 16 непаўналетніх і адзін паўналетні вязень фашысцкіх канцлагераў. Напярэдадні свята Вялікай Перамогі старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец, старшыня Іёдскага сельвыканкама Віктар Віктаравіч Катовіч і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Галіна Мікалаеўна Філатава завіталі да ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Хрэсцінні Маісееўны Івановай у вёску Таўкіні. Жанчына нядаўна адзначыла свой 92-гі дзень нараджэння, цяпер пражывае разам з сынам і нявесткай, якія і клапоцяцца пра пажылога чалавека. Уладзімір Серафімавіч уручыў Хрысцінні Маісееўне Ганаровую грамату Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, грашовую прэмію. Прадукты харчавання для ветэрана прывёз Віктар Віктаравіч Катовіч. Прадстаўнікі ўлады павіншавалі Хрысцінню Маісееўну з Днём Перамогі, пажадалі жанчыне здароўя і доўгіх год жыцця.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Іван Іванавіч Кашэль у цяперашні час пражывае ў сваёй дачкі Людмілы ў Глыбоцкім раёне. Ветэрану ўжо споўнілася 97 год, але ён па-ранейшаму добра памятае падзеі суровай вайны, пасляваенны час. Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі ўручыў мужчыне Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама і грашовую прэмію. Старшыня Лужкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Мікалаеўна Краснадубская прывезла Івану Іванавічу пакет з прадуктамі харчавання ад КУВСП “Гарадзец”. У гэтай гаспадарцы Іван Іванавіч працаваў да выхаду на пенсію.
У вёсцы Варонка пражывае Матрона Калінаўна Сямёнава. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны яна была вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вяртання ў родныя мясціны працавала ў мясцовай гаспадарцы. Юрый Анатольевіч павіншаваў Матрону Калінаўну са святам, уручыў ёй Падзяку старшыні Віцебскага аблвыканкама і Падзяку старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама, а таксама грашовую прэмію.
Сяргей РАЙЧОНАК.