Агульны настрой Года малой радзімы, як ніколі, прымушае нас зноў і зноў вяртацца да дарагіх нашаму сэрцу мясцін. Гэта яшчэ адна нагода, каб паразважаць над сэнсам самога выразу “малая радзіма”. А паразважаўшы, зрабіць для сябе нечаканае адкрыццё аб тым, што наша малая разіма не такая ўжо і малая, і са шкадаваннем адзначыць, што мы мала ведаем пра лёс і гісторыю тых мясцін, якія нам у спадчыну пакінулі нашы продкі.

Імкнучыся зберагчы гістарычную памяць роднага наваколля, я ўжо пісала артыкулы пра сваю вёску Шпакоўшчына, пра суседнія Емяльянава, Ізбіцкае, Высокае. У гэты раз хачу павесці гаворку пра вёску Трубічына. Гэта адна са звычайных, так бы мовіць “непарадных” вёсак, аддаленая ад горада. Знаходзіцца яна на тэрыторыі Усяжскага сельсавета, непадалёк ад торфабрыкетнага завода “Усяж” і аднаіменнага рабочага пасёлка.

Лёс яе падобны да лёсу многіх смалявіцкіх вёсак. Але асабіста для мяне Трубічына адметнае і прывабнае тым, што тут на пачатку 18 стагоддзя знайшлі сваё месца жыхарства і пусцілі глыбокія карані мае далёкія продкі Казакі.

Архіўныя дакументы, як чорна-белыя фотаздымкі, пакінулі нам памяць пра іх складаны жыццёвы шлях. Гартаючы старонкі дакументальных крыніц, я даведалася аб тым, што нашы далёкія прадзеды былі прыгоннымі сялянамі графоў Тышкевічаў.

Гэты знакаміты род абаснаваўся на землях сучаснай Беларусі на пачатку 16 стагоддзя, калі першы прадстаўнік роду Васіль Тышкевіч пабраўся шлюбам з дачкой князя Чартарыйскага. З таго часу ён стаў уладаром зямель на Лагойшчыне, дзе і стварыў свой маёнтак. Тышкевічы ўвесь час імкнуліся пашыраць свае зямельныя ўладанні. Набыўшы новыя абшары зямлі, гаспадары выдзялялі — “отрубали”— кавалак і пераводзілі туды сваіх сялян, каб яны абжывалі гэтыя новыя мясціны, апрацоўвалі панскую зямлю і свае надзелы.

Назва вёскі пайшла менавіта ад слоў “отруб”, “отрубать”. Такім чынам пасяленне ўзнікла на “отрубных” землях. А назву гэтаму паселішчу далі яго першя жыхары Падбярозкі, Казакі, Мархелі, Доўнары, Акаловічы, Дубовікі. У больш позні час да ліку пасяленцаў далучыліся Сухадольскія, Быкоўскія, Яцкевічы, Бараноўскія, Герасімовічы, Тылецкія. І надалей вёска папаўнялася новымі жыхарамі і, як след, новымі прозвішчамі: Сцефановічы, Ханкевічы, Макейчыкі, Шабаны і іншымі.

Трэба зазначыць, што на пачатку свайго існавання гэта паселішча афіцыйна лічылася “засценкам”. Вёскай называцца яно пачало значна пазней, дзесьці на пачатку 19 стагоддзя.

Назву свайго месцажыхарства сяляне называлі хто як умеў і як каму было зручней. Архіўныя дакументы таксама збераглі розныя варыянты напісання назвы: “Трубачынъ”, “Трубчынъ”, “Трубечынъ”. У выніку канчаткова замацавалася назва “Трубічына”.

Першым пасяленцам гэтых мясцін давялося много і цяжка працаваць, каб прывесці ў належны стан абшары, заросшыя лесам, кустоўем і пакрытыя топкім балотам. Мне думаецца, што графы Тышкевічы пасялілі на гэтых землях толькі самых працавітых, добрасумленных, надзейных, адказных, смелых і мужных людзей. Бо толькі валодаючы такімі чалавечымі якасцямі, тут можна было замацавацца, выжыць і працаваць. Мяне напаўняе гонар ад усведамлення, што сярод гэтых людзей былі і мае продкі.

Па свайму веравызнанню жыхары тагачаснага Трубічына былі ўніятамі і адносіліся да прыходу Прудзішчанскай царквы. Але паколькі да прыходскай царквы было далекавата, то даволі часта насельнікі не толькі Трубічына, але і ўсяго наваколля карысталіся паслугамі Смалявіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы. Метрычныя кнігі гэтай царквы за 1724-1799 гады ўтрымліваюць запісы аб тым, што менавіта тут мой далёкі продак Астап Казак з засценку Трубічына хрысціў сваіх дзяцей: дачку Магдалену, сыноў Кандрата, Тодара, Амяльяна.

А ў метрычных кнігах Прудзішчанскай царквы маюцца звесткі пра месца пахавання памерлых трубічан і наогул з усяго наваколля. Гэта былі могілкі, якія знаходзіліся на тым месцы, дзе ў 1853 годзе быў утвораны маёнтак Высокае. Да ліку маёнтка былі аднесены вёскі Ізбіцкае, Трубічына і Шпакоўшчына.

Гаспадар загадаў гэтыя могілкі перанесці на тое месца ў Ізбіцкім, дзе яны знаходзяццца і зараз. У снежні 1866 года ўладальнік маёнтка Радзевіч піша справаздачу ў паверачную камісію Барысаўскага павета. Хочацца засярэдзіць увагу на гэтай паперы, бо дзякуючы ёй мы маем жывое ўяўленне пра тагачасныя мясціны Трубічына, выгляд яго ваколіц, занятак жыхароў.

Памешчык Роберт Радзевіч акцэнтуе ўвагу на тым, што сяляне звычайна сеюць жыта, яравую пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку, гарох, боб. Не абміналі ўвагай трубічанцы і такія жыццёва важныя расліны, як лён і каноплі.

Далей Радзевіч зазначае, што маёнтак Высокае, а таксама вёскі “Избитскъ” і “Трубичинъ” размешчаны непадалеку ад сплаўной рэчкі Усяжа, па якой сплаўляецца лясны матэрыял (брусы, калоды) ў гарады Рыгу і Крэменчуг. Падвозяць гэты матэрыял на бераг рэчкі яго сяляне.

У гэтым дакуменце маецца шмат гістарычных дэталяў. Напрыклад, нам цікава будзе даведацца аб тым, што “… в деревне Миляновъ (сённяшняе Емяльянава) находится завод извёстки и гонки смолы”. На гэтых так называемых прадпрыемствах у восеньскі і зімовы час маглі папрацаваць і нашы тагачасныя сваякі і за адзін працоўны дзень зарабіць да 10 рублёў.

На заканчэнне гаспадар маёнтка Высокае робіць выснову, што для працалюбівага чалавека ў гэтых мясцінах маецца многа выгод: вакол лес, сенакосы, зямельныя надзелы побач з іх сядзібамі.

І канешне, жыхары Трубічына здаўна выкарыстоўвалі гэтыя выгоды для вядзення асабістай гаспадаркі. Зазірнуўшы ў “Інвентарнае апісанне маёнтка Гарадок за 1844 год”, да ліку якога ў той час адносілася Трубічына, мы атрымаем віртуальную магчымасць наведацца ў госці да родных і сваякоў. Мы зможам завітаць у кожную хату, пазнаёміцца з яе гаспадарамі і яго сямейнікамі, даведаемся пра іх імёны, узрост і род заняткаў. У нас будзе магчымасць нават зазірнуць у іх хлявы, каб паглядзець, падзівіцца той колькасці жывёлы, якая ў іх мелася.

Вось дом №6 — гаспадар Тодар Казак. Сям’я — 14 чалавек: 6 мужчын і 8 жанчын. Гаспадарка: 3 кані, 2 валы, 3 каровы, 3 цялушкі, 6 авечак, 5 свіней. Зямлі гаспадар меў 1 валоку (21,36 га).

У доме №7 жылі пляменнікі Тодара: Якуб, Васіль, Сымон і Сцяпан Казакі са сваімі сем’ямі. У хаце мелася 6 мужчынскіх душ і 5 жаночых, у гаспадарцы —3/4 валокі зямлі. А по колькасці хатняй жывёлы яны не адставалі ад свайго дзядзькі.

Наогул, гаспадаркі тагачасных жыхароў Трубічына былі заможныя, а сем’і вялікія. Трубічанскія і ізбіцкія жыхары лічыліся чыншавымі сялянамі, яны не адбывалі паншчыну, а толькі плацілі за зямлю, якая была ў іх карыстанні. Так, Тодар Казак за год плаціў 8 рублёў 31 капейку срэбранымі грашыма. У іншых сялян сумы былі розныя, яле заўсёды срэбрам. А вось сям’я Якуба Казака ад уплаты была вызвалена, бо ён служыў у пана цівуном. У канцы года ўсе сяляне абавязаны былі здаць у панскі двор наступныя прадукты харчавання: 1 курыцу, 30 яек і 1 капу сушаных грыбоў-баравікоў (60 шт).

Варта звярнуць увагу на яшчэ адзін род заняткаў трубічанцаў — бортніцтва, якім займаліся многія сем’і. Дакумент распавядае аб тым, што ў Грышкі Мархеля было 15 пчаліных калод, у Лявона Мархеля — 14. Дванаццаць калод меў Базыль Герасімовіч.

 Нельга абмінуць увагай яшчэ адзін від промыслу, якім славіліся жыхары ўсяго наваколля, у тым ліку і трубічанцы. Гэта бандарства. Амаль усе яны былі добрымі бачкарамі. Бочкі вырабляліся як для патрэб сваёй гаспадаркі, так і на продаж, што давала добры прыбытак у сям’ю.

З усяго вышэйзгаданага можна зрабіць выснову, што трубічанцы ва ўсе часы былі дбайнымі, руплівымі гаспадарамі, многа і цяжка працавалі на сваёй зямлі, умела вялі сваю гаспадарку, імкнуліся жыць у дастатку.

***

Вёска Трубічына, хоць і знаходзіцца ўбаку ад галоўных шляхоў зносін, але ніколі не стаяла ўбаку ад гістарычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі нашай краіны.

У 1918 годзе паўсюдна пачалі ўтварацца таварыствы спажывецкай кааперацыі. У снежні гэтага года ўзнікае такое аб’яднанне ў вёсцы Малое Залужжа, да якога далучыліся жыхары Шпакоўшчыны і Трубічына. Галоўнай мэтай спажывецкіх таварыстваў на той час была нарыхтоўка хлеба. Але выконваць такое заданне было практычна немагчыма, бо сельская гаспадарка за ваенны перыяд прыйшла ў заняпад. Зямля не апрацоўвалася з-за адсутнасці прылад працы і рабочых рук. Мужчыны былі мабілізаваны на вайну, коні былі забраны на патрэбы арміі. Маёнтак Высокае быў ушчэнт разрабаваны праходзячымі войскамі.

Калі ў 1921 годзе камісія складала акт прыёмкі гэтага маёнтка, то запісала, што з жывёлы ацалелі тры дваровыя сабакі і гадавалы жарэбчык па мянушцы Дэраш.

У 1920 годзе Рэўваенсавет Заходняга фронту выдаў загад, які абавязваў спажывецкія таварыствы займацца падрыхтоўкай лапцей для арміі. Патрабавалася з кожнага двара здаць 1 пару лыкавых лапцей. З’яўленне такога загаду было абумоўлена вельмі цяжкім матэрыяльным становішчам у арміі. Каб у гэтым пераканацца, спашлюся на дакумент з архіва Мінскай вобласці, які  ўтрымлівае факты  тагачаснага мясцовага жыцця. Гэта пісьмо, поўнае адчаю, напісанае салдатамі ў Астрашыцка-Гарадзецкі ваенкамат. У ім салдаты распавядаюць пра сваё жахлівае становішча, у якім яны апынуліся, і просяць дапамогі. Падчас ваенных дзеянняў іх размясцілі ў лесе, паблізу вёсак Аношкі і Прылепы ды пакінулі без харчавання. Каб выжыць, гэтыя людзі вымушаны былі здабываць сабе ежу, крадучы яе па вёсках у напаўгалодных сялян. А яшчэ салдаты прасілі даць ім абутак, бо старыя зношаныя бацінкі ім прыходзілася падвязваць усялякімі вяроўкамі. Таму і з’явіўся такі суровы загад, які прыйшлося выконваць усім жыхарам краіны, ў тым ліку і трубічанцам.

У дваццатых гадах у Ізбіцкім і Трубічыне пачалі дзейнічаць мясцовыя органы ўлады — сельскія Саветы. Пазней яны аб’ядналіся ў адзіны, пад назвай Трубічанскі сельскі Савет. У пратаколах пасяджэнняў сельсавета знайшло сваё адлюстраванне вялікае кола жыццёва важных пытанняў, вырашэннем якіх займаўся гэты мясцовы орган улады. Вось некаторыя з іх: аб хутчэйшым і справядлівым размеркаванні панскай зямлі, аб выдзяленні лесаматэрыялу на будаўніцтва хат і на паліва. Абмяркоўваліся пытанні падворнага падатку, збор сродкаў на дапамогу туберкулёзным хворым і палітвязням. Значная ўвага надавалася і культурна-асветніцкім пытанням.

Старшынямі Трубічанскага сельскага Савета ў першыя гады яго існавання былі Аўлас Барысавіч Казак, Рыгор Іванавіч Казак, Андрэй Іосіфавіч Яцкевіч. Сакратарамі працавалі Фёдар Паўлавіч Казак, Мікалай Барысавіч Казак.

 У той час асабліва турбавала вяскоўцаў пытанне навучання іх дзяцей. Справа ў тым, што Ізбіцкая школа, у якой навучаліся іх дзеці, неаднаразова пераязджала то з Ізбіцкага ў Высокае, то з Высокага ў Ізбіцкае. Прычынай таму былі ваенныя дзеянні і разбурэнні. Бацькі вырашылі прасіць улады, каб у іх вёсцы была адчынена свая школа. Для гэтага 22 снежня 1918 года яны сабраліся на агульны сход, склалі пратакол, у якім пазначылі, што ў вёсцы налічваецца 35 хлопчыкаў, якія не маюць магчымасці вучыцца па прычыне далёкага месцазнаходжання навучальнай установы. Выбралі памяшканне для школы ў Мікалая Пятровіча Падбярозкі, як найбольш падыходзячае для гэтай мэты. Аднагалосна выказалі жаданне, каб настаўнічаў у гэтай школе Мікалай Барысавіч Казак, які меў адукацыю 4 класы гімназіі.

Іх заява была разгледжана ў Астрашыцка-Гарадзецкім валасным аддзеле адукацыі, аб чым сведчыць рэзалюцыя: “Мець на ўвазе пры адкрыці новых камплектаў. 20 сакавіка 1919 года”.

Чакаць здзяйснення сваёй мары жыхарам Трубічына прыйшлося 10 гадоў. Толькі ў 1929 годзе ў вёсцы была адчынена пачатковая школа. У Трубічанскай пачатковай школе атрымоўваў першыя веды добра вядомы і паважаны настаўнік, а затым завуч і дырэктар Усяжскай сярэдняй школы — Мікалай Уласавіч Казак. У сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў: “ У 1934 годзе я паступіў у першы клас Трубічанскай пачатковай школы і скончыў яе ў 1938 годзе”.

Трубічанская школа праіснавала да пачатку вайны. У архіве Мінскай вобласці і ў Нацыянальным архіве Беларусі зберагаецца “Пашпарт Трубічанскай пачатковай школы за 1940-1941 навучальны год”, адкуль бачна, што навучаліся ў гэтай школе дзеці з Вялікага Трубічына, Малога Трубічына і Высокага. Агульная колькасць была 44 чалавекі.

Пасля вайны школа сваю дзейнасць не ўзнавіла, і ўсе дзеці школьнага ўзросту пайшлі вучыцца ў Емяльянаўскую сямігодку.

У 30-я гады па краіне пачала крочыць калектывізацыя. Амаль у кожнай вёсцы ствараўся свой калгас. Але жыхары Трубічына чамусьці свой калгас ствараць не сталі, а далучыліся да гаспадаркі “Перамога”, якая ўзнікла на той час у Емяльянаве.

Летам 1950 года ў Емяльянаўскім сельсавеце адбылося аб’яднанне дробных сельгасарцелей “Зара”, “Перамога”, “Змагар” і імя Будзённага ў адну буйную калектыўную гаспадарку пад назвай “Перамога” з цэнтрам у вёсцы Куркава. А Трубічына пачало лічыцца трэцяй брыгадай гэтага калгаса.

Жыццё нашых прадзедаў, дзядоў, родных і сваякоў ніколі не было лёгкім. Мы не перастаём здзіўляцца таму, як падымаліся з каленяў у пасляваенны час, як удыхалі жыццё ў зруйнаваныя паселішчы і пакалечаную зямлю.

Уражвае той факт, што яшчэ не скончылася вайна, на дварэ быў месяц май 1944 года, а жыхары Шпакоўшчыны і Трубічына ўжо ўзяліся за спрадвечную сялянскую працу — распачалі сеяць хлеб. Каб пераканаць у гэтым чытачоў, спашлюся на дакумент з Нацыянальнага архіва Беларусі. Гэта дакладная на імя сакратара Смалявіцкага падпольнага РК КПБ Даўгалёнка Г.Д. ад 20 мая 1944 г. “Аб ходзе веснавога севу па  Амельянаўскаму сельсавету”. Нягледзячы на тое, што ў Трубічыне на той час засталося толькі 5 коней, тым не менш, жытам было засеена 60 га, пад яравымі — 49 га, пакінута пад парам — 60 га. Засталося сеяць — 26 га. Усяго зямлі налічвалася 195 га. А працоўнай сілай былі старыя, жанчыны, падлеткі. Безумоўна, дапамогу ў гэтай справе аказвалі і партызаны. Са зброяй у руках яны аралі, сеялі, а потым касілі спелыя каласы і звозілі іх з палёў.

За шматвекавы перыяд існавання вёскі Трубічына змянілася не адно пакаленне жыхароў. Нашы далёкія прадзеды любілі сваё Трубічына. Яны былі ўпэўнены, што іх дзеці і ўнукі будуць жыць тут, карыстацца гэтымі дарогамі і сцяжынамі і дабрабытам, які яны стварылі… З гэтым краем яны былі заручоныя на ўсё жыццё, адсюль пачынаўся іх зямны шлях, адсюль яны адыходзілі ў іншы свет.

Чалавечае жыццё не знікае бясследна. І нашы продкі пакінулі свой след на зямлі. Гэты след — мы. І няхай падтрымкай стануць словы пісьменніка Уладзіміра Ліпскага: “Сплыло ў нябыт, у вечнасць жыццё нашых продкаў. Нам застаецца толькі падшавельваць агонь памяці, каб ён не згас, каб мы адчулі радасць жывога сённяшняга дня”

А Трубічына павінна ўвайсці ў нашу свядомасць як самабытная вёска са сваёй непаўторнай гісторыяй, з багатым і змястоўным мінулым, напоўненым стваральнай працай родных і блізкіх нам людзей.

Валянціна Мікалаеўна КАЗАК, вёска Шпакоўшчына.