Кухар са страйкбольным аўтаматам патрабаваў у мінчукоў $10 тысяч

minsk.mvd.gov.by
У Мінску міліцыя затрымала "па гарачых слядах" двух мужчын, якія ўварваліся ў кватэру і патрабавалі 10 тысяч долараў. Як інфармуе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама, здарэнне адбылося апоўначы 8 траўня. Жыхар Завадскога раёна сталіцы паведаміў міліцыянерам, што ў суседняй кватэры чутны крыкі невядомых, патрабаванні аддаць грошы. Пачуў ён нават гук ад затвора аўтамата.
Калі міліцыя прыехала на месца, зламыснікі ўжо ўцяклі. Гаспадары кватэры распавялі, што двое мужчын уварваліся і пагражалі імаверна аўтаматам. Яны шукалі брата гаспадыні, які, нібыта, мусіць ім вярнуць буйную суму ў валюце.
Мужчын ва ўзросце 31 і 32 гадоў з аўтаматам хутка знайшлі і затрымалі. Ён, дарэчы, аказаўся страйкбольным. Вядома, што адзін з затрыманых раней ужо адбываў пакаранне за разбой, а іншы дагэтуль не меў праблем з законам, працаваў кухарам.
Матэрыялы праверкі міліцыя перадала ў Следчы камітэт.