У Воранаўскім раёне мужчына з рэўнасці зарэзаў сабутэльніка
Вёска, дзе здарылася злачынства / УУС Гродзенскага аблвыканкама
У ноч на 7 траўня медыкі Воранаўскай раённай лякарні паведамілі ў міліцыю пра смерць 25-гадовага жыхара адной з вёсак. Хлопец памёр ад нажавога ранення, паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскай вобласці.
Праваахоўнікі высветлілі, што кампанія знаёмых разам выпівала. Два хлопцы, 25 і 29 гадоў, пасварыліся з рэўнасці да дзяўчыны, якая была разам з імі. Яны пайшлі на вуліцу высвятляць адносіны, прычым у старэйшага быў нож. Неўзабаве іншыя ўдзельнікі застолля выйшлі на вуліцу і пабачылі, як паранены хлопец сцякае кроўю. Яны выклікалі "хуткую", але дактары не змаглі выратаваць яму жыццё.
Пачатая крымінальная справа за забойства. Падазраванага затрымалі, ён прызнаецца ў зробленым.
Паводле звестак міліцыі, абодва маладыя чалавекі раней судзімыя за крадзяжы і нідзе не працавалі.