У Бярозе пажарныя ўратавалі 9-гадовую дзяўчынку
05.05.2019 10:57
—
Разное

МНС
У Бярозе пажарныя ўратавалі 9-гадовую дзяўчынку. Як паведамляе Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС, увечары 4 траўня жыхар пяціпавярховіка па вуліцы Юбілейнай патэлефанаваў у экстраную службу: з суседскай кватэры на другім паверсе ішоў дым.
Калі выратавальнікі прыбылі на месца выкліку, то сапраўды заўважылі задымленне. Ля акна кватэры стаяла дзяўчынка і прасіла дапамогі. Супрацоўнікі МНС трапілі ў кватэру па аўталесвіцы і вывелі дзіця на вуліцу. Дзяўчынку даставілі ў лякарню для абследавання, але яна не мела патрэбы ў медычнай дапамозе.
У момант узгарання дзіця было ў хаце адно: маці выйшла ў краму з малодшым дзіцем.
Пажар ліквідавалі. Згарэў гіраскутэр, у кватэры закураныя столь і сцены.