У Гродне жанчыне падалося, што дачка выпала з акна — выклікалі хуткую і міліцыю
Фота з месца здарэння
У Гродне праз спробу 10-гадовай дзяўчынкі зняць відэа з акна ўчыніўся пярэпалах. Раніцай 3 траўня школьніца была дома. Маці пайшла на працу, а дзяўчынка рыхтавалася ісці на ўрокі ў другую змену. Раптам яна пабачыла, што на пляцоўцы ля школы ідзе канцэрт і вырашыла зняць пра гэта відэа. Запіс дзяўчынка даслала маці, але ролік захаваўся не цалкам. Жанчына пабачыла на запісе адчыненае акно і руку дачкі — ёй падалося, што дзіця выпала з акна.
Мабільны дзяўчынкі не адказваў і ўстрывожаная маці патэлефанавала бабулі школьніцы. Тая ўстрывожылася яшчэ болей і выклікала хуткую праз нумар 103. У хуткай інфармацыю пра магчымае падзенне дзіця з акна перадалі ў міліцыю.
Пазней інфармацыя не пацвердзілася — дзяўчынцы нічога не пагражала, паведамляе прэс-служба Гродзенскай абласной міліцыі ў сваёй групе Вконтакте.