Ветеран ВОВ Сергей Супранёнок из Докшицкого района встречает победную весну

Источник материала:  
03.05.2019 — Разное

Ветеран ВОВ Сергей Супранёнок из Докшицкого района встречает победную весну
Зноў квеценню садоў пакрылася зямля, і зноў па свеце крочыць Пераможны май. Семдзясят чацвёртая мірная вясна апранае ў зелень лясы і палі, дзе некалі рваліся снарады і бомбы…
Для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сяргея Антонавіча Супранёнка баявы шлях пачаўся, калі яму было 22 гады. Працаваў ён на той час рабочым чыгункі на станцыі Круляўшчызна: мяняў шпалы ў накірунку дарогі Полацк – Маладзечна. У кастрычніку 1944 года быў прызваны ў армію. Месяц вучыўся ваеннай справе ў Полацку, а потым адразу трапіў на фронт пад Варшаву.
– Ваяваў пад камандаваннем маршала Георгія Жукава, чым вельмі ганаруся, – успамінае ветэран. – Службу праходзіў ў 383-м артылерыйскім палку, узброеным супрацьтанкавымі гаўбіцамі. Зброя сур’ёзная. Яна дэманстравала веліч і магутнасць савецкай арміі. Мы імкліва наступалі, але і немцы з адчаем асуджаных на смерць аказвалі моцнае супраціўленне. Была адна мэта – разграміць праціўніка.
За час баявых аперацый на рахунку зараджаючага Сяргея Супранёнка каля дзясятка падбітых фашысцкіх машын, так званых “тыграў”, якія лічыліся лепшымі ў нямецкай інжынерыі. Разам са сваім палком салдат дайшоў да Эльбы, дзе сустрэўся з саюзнікамі. Там яго і заспела Перамога.
– Радасць наша была бязмернай, – гаворыць Сяргей Антонавіч. – Усе танцавалі, спявалі, абдымаліся з амерыканцамі. Разам крычалі гучнае “ўра”. А потым глядзелі выступленне франтавых артыстаў.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баявых дзеяннях, Сяргей Супранёнак быў узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы”, “За перамогу над Германіяй”.
Пасля вайны ён вярнуўся ў Крулеўшчыну. Тут ажаніўся, нарадзіліся сыны, унукі. Працаваў на чыгунцы стралком ваенізаванай аховы. Зараз, вядома, у свае амаль 97 гадоў знаходзіцца на пенсіі. Жыве адзін, але ў хаце часта звіняць галасы дзяцей і ўнукаў, якія прыязджаюць да свайго заслужанага дзядулі.
– Ён у нас малайчына, – з гонарам гаварыў унук Андрэй, які якраз прыехаў на майскія святы з Полацка, каб пасадзіць агарод. – Дзякуй вялікі яму за перамогу, а яшчэ і за тую прыгажосць, якую ён стварыў вакол дома. Гэта дзякуючы яго працавітым рукам на ўчастку расце хвойны лясок, ёсць сажалка з рыбай, а побач з ёй расцвітае маладая яблынька, як тады, вясной 45-га.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

←Подведены итоги районного конкурса видеороликов и презентаций «Земля, где посчастливилось родиться»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика