Калонка рэдактара. Толькі разам можна зрабіць газету лепшай!
У наш вірлівы час кожны добра разумее, што калі будзеш жыць учарашнім днём, то цябе не проста абгоняць: немінуча паступовае падзенне, страта назапашанага. І без розніцы, у якой галіне: не будзеш развівацца, забудзешся, што жыццё — гэта рух, тады наперадзе няўмольная перспектыва шляху “ўверх па лесвіцы, вядучай уніз”.
Рэдакцыйнаму калектыву не сорамна за свой прадукт, пра што сведчаць сур’ёзныя ўзнагароды ў самых розных кірунках творчай дзейнасці. Журналісты “раёнкі” не рэтраграды, і стаяць на месцы, “праядаючы” ўчарашнія запасы, — не наша пазіцыя. Таму напярэдадні свайго прафесійнага свята вы, паважаныя землякі, і трымаеце ў руках сігнальны экзэмпляр абноўленага выдання. Змена дызайну, анонс асобных матэрыялаў нумара, фармат фотаздымкаў, буйнейшы шрыфт, з’яўленне “паветра” на старонках — карацей, уважлівы чытач без праблем убачыць розніцу паміж учарашняй і сённяшняй газетай.
Гэта — сучасныя патрабаванні, і “АК” будзе старацца і надалей ісці ў нагу з часам. Паралельна працягваючы, натуральна, развіваць-удасканальваць свой сайт (gzt-akray.by) і весці канструктыўны дыялог з усімі жадаючымі мець больш цесныя зносіны ў сацыяльных сетках.
Многае з азначаных новаўвядзенняў — усё ж больш знешняя форма, а вось галоўная сутнасць выдання застаецца нязменнай. А значыць, на першым плане і надалей будзе менавіта чалавек, найбольш значныя справы-падзеі рэгіёна і асобных калектываў, праблемныя моманты і іх вырашэнне, іншая актуальная інфармацыя. Бо “раёнка” заўсёды пісала і піша летапіс Асіповіччыны. Прычым абавязкова прыслухоўваючыся да людскіх думак-меркаванняў, да вашых заўваг-падказак, паважаныя землякі.
Спадзяёмся, што вы і зараз не застанецеся абыякавымі да пэўнай змены “Асіповіцкага краю” і выкажыце шмат карыснага для паляпшэння работы журналістаў, запоўніўшы прапанаваную анкету. Па аператыўнасці за інтэрнэтам, канешне, друкаваным СМІ не ўгнацца, але верым, што сябры-чытачы сваёй роднай газеце не здрадзяць і па-ранейшаму будуць з намі і сёння, і заўтра.
Давайце разам рабіць выданне цікавейшым!
Віталій Кулакоў, галоўны рэдактар.