Необходимо глобальное партнёрство
Прэзідэнт Беларусі 25-27 красавіка ўдзельнічаў у II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва "Пояс і шлях". На палях саміту сустрэўся з замежнымі лідарамі. У Пекін у гэтыя дні прыехалі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў з амаль 40 краін, уключаючы рэгіёны Азіі, Афрыкі, Еўропы, Лацінскай Амерыкі.
Супрацоўніцтва
"У Беларусі ніколі не было і не будзе сумненняў у правільнасці выбраных вамі ініцыятыў. Кітай заўсёды можа разлічваць на нашу падтрымку ў любой сферы, як і мы ўпэўнены ў падтрымцы з вашага боку", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.
У 2018 годзе абарот тавараў і паслуг паміж Беларуссю і Кітаем дасягнуў амаль $4,5 млрд. Дзякуючы допуску на кітайскі рынак, Шанхайскаму імпартнаму ЭКСПА, загрузцы чыгуначных маршрутаў экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання ў Кітай за год вырас у 4,5 раза, у тым ліку малочнай прадукцыі – у дзевяць разоў.
Падпісаны дакументы аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва, міжурадавае пагадненне аб міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў і грузаў.
Скаардынаваць дзеянні
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што з надыходам эры лічбавізацыі, якая прынесла новую хуткасць работы з інфармацыйнымі і грашовымі патокамі, лагічна было б чакаць істотнага прагрэсу і ў гандлі. Аднак на шляху руху тавараў прысутнічаюць штучна створаныя тарыфныя, нетарыфныя, тэхнічныя, адміністрацыйныя бар'еры. Пералічыў пытанні, у якіх належыць дабіцца практычнага выніку. Найперш гэта фарміраванне лічбавых транспартных калідораў, перш за ўсё паміж Кітаем і Еўропай. Прымяненне сучасных спадарожнікавых навігацыйных пломбаў дае магчымасць зняць залішнія мытныя і іншыя надгляды, скараціць час руху кантэйнерных паяздоў амаль на тыдзень. Другое – скасаванне дазвольнай сістэмы міжнародных аўтамабільных перавозак, што стане дадатковым стымулам для развіцця транспартна-лагістычнай дзейнасці. Па-трэцяе, актыўнае ўмацаванне ўзаемасувязі інфраструктур.
Неабходна глабальнае партнёрства
Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін адзначыў, што запушчаны шэраг сумесных праектаў, паспяхова рэалізуюцца дамоўленасці, дасягнутыя ў 2017 годзе на першым такім форуме ў Пекіне. Звыш 150 краін і міжнародных арганізацый падпісалі з Кітаем пагадненне аб супрацоўніцтве ў рамках сумеснай рэалізацыі ініцыятывы. Ідзе яе спалучэнне з праграмамі развіцця і супрацоўніцтва ААН, АСЕАН, ЕС, ЕАЭС і іншых міжнародных і рэгіянальных арганізацый, нацыянальнымі стратэгіямі развіцця розных краін.
Паводле слоў Сі Цзіньпіна, з’яўляюцца новыя гарызонты для эканамічнага росту ва ўсім свеце, а новыя магчымасці ствараюць унікальную платформу для міжнароднага гандлю і інвестыцый, павышэння дабрабыту народаў краін-удзельніц ініцыятывы.
Беларусь – Узбекістан
Беларусь зацікаўлена дзяліцца тэхналогіямі з Узбекістанам. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.
Мінск і Ташкент канструктыўна супрацоўнічаюць на міжнароднай арэне, аказваюць узаемную падтрымку на выбарах у органы сістэмы ААН. Дагаворная база ўключае 60 пагадненняў. У 2018 годзе тавараабарот дасягнуў $157,4 млн. Сальда гандлю дадатнае ў памеры амаль $70 млн.
Беларусь – Сербія
Разлічваем на значнае развіццё супрацоўніцтва з Сербіяй. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў у Пекіне на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам.
Паводле слоў лідара дзяржавы, падчас будучага візіта ў Сербію ўзнімуць інвестыцыйныя пытанні, абмяркуюць стварэнне і развіццё сумесных прадпрыемстваў.
Цяпер паміж краінамі дзейнічае больш за 40 двухбаковых пагадненняў. У 2009 годзе падпісана міжурадавае пагадненне аб свабодным гандлі. У 2018 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Сербіяй склаў $148 млн.
Беларусь – ААЭ
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пекіне сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам і міністрам абароны ААЭ, правіцелем эмірата Дубай шэйхам Мухамедам бен Рашыдам аль-Мактумам.
Абмеркавалі пытанні далейшага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААЭ.
Па выніках 2018 года аб'ём беларуска-эмірацкага гандлю склаў $72,3 млн, экспарт – $58 млн, імпарт – $14,3 млн. За 2018 год прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове з ААЭ склалі $44 млн (234 % да 2017 года).