Успамінамі пра сваю працу дзеліцца ветэран прафсаюзнага руху былога саўгаса імя Маркава Таіса Іванаўна Ладзіс
З увагай да людзей і з клопатам пра іх — такога прынцыпу ў сваёй рабоце на пасадзе старшыні прафсаюзнага камітэта былога саўгаса імя Маркава заўсёды прытрымлівалася Таіса Іванаўна Ладзіс. Жанчына займала гэту пасаду з 1983 па 1994 гады.
— Нарадзілася я ў вёсцы Беляі, — кажа наша суразмоўца. — Пасля школы паступіла ў Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум, па заканчэнні якога атрымала спецыяльнасць “агранамія”. Будучы маладым спецыялістам два гады працавала ў Верхнядзвінскім раёне. Але ж не змагла там застацца назаўсёды, бо вельмі хацела вярнуцца ў родныя мясціны. У саўгасе імя Маркава мне прапанавалі пасаду брыгадзіра агародніцкай брыгады. Я згадзілася. Затым некаторы час з’яўлялася аграномам сельгаспрадпрыемства.
На адным з чарговых прафсаюзных сходаў працаўнікоў гаспадаркі мяне абралі старшынёй прафкама саўгаса імя Маркава. Было гэта ў 1984 годзе. Дарэчы, улічваючы той факт, што колькасць членаў прафсаюза была вялікай, пасада старшыні прафкама з’яўлялася вызваленай. Таму я цалкам займалася толькі прафсаюзнымі справамі. А гэта і распрацоўка калектыўных дагавораў, дзе абавязковымі былі ўмовы матэрыяльнага заахвочвання работнікаў, і прадастаўленне працуючым разнастайных ільгот, арганізацыя экскурсійных паездак і іншае. Працаваць было цікава і лёгка, бо людзі заўсёды ішлі насустрач. Разам мы абмяркоўвалі планы работы, разам увасаблялі ў жыццё задуманае.
У цяперашні час работнікі не маюць такога энтузіязму, з якім працавалі мы. І гэтаму ёсць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны. Тым не менш, упэўнена, што прафсаюзны рух, які з году ў год мацнее і развіваецца ў нашай краіне, будзе ў далейшым лакаматывам для ўвасаблення ў жыццё мар і жаданняў працуючай моладзі, абароны правоў і інтарэсаў работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў.
Гэту думку Таісы Іванаўны раздзяляюць і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Альшэўская, прадстаўнікі адміністрацыі КУВСП імя Маркава, якія павіншавалі ветэрана прафсаюзнага руху са святам працы і 115-годдзем прафсаюзнага руху Беларусі, уручылі жанчыне памятны падарунак.
Сяргей РАЙЧОНАК.