Гордость Ушаччины. На районной Доске почёта – новые имена и предприятия
У жыцці людзей праца заўсёды была і нязменна застаецца адным з галоўных аспектаў. Кожны член грамадства павінен быць задзейнічаны ў стварэнні матэрыяльных ці духоўных каштоўнасцяў, і тыя, хто праяўляюць сябе ў гэтым працэсе найбольш плённа і актыўна, заўсёды карыстаюцца асаблівай павагай. Традыцыйна напярэдадні 1 Мая называюцца імёны новых лаўрэатаў працоўнага Алімпа. Сёння мы раскажам пра тых, хто рашэннем раённага выканаўчага камітэта па выніках работы за 2018 год будзе занесены на раённую Дошку гонару.
Філіял “Ушацкі” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт” (дырэктар Андрэй Генадзьевіч Башун). У 2018 годзе вытворчасць прамысловай прадукцыі павялічылася на 16,8 працэнта, на 11,6 працэнта вырас узровень сярэднямесячнай заработнай платы, якая па выніках года склала 784,6 рубля і з’яўляецца самай высокай у рэальным сектары эканомікі раёна. Тэмп росту прадукцыйнасці працы апераджае тэмп росту заработнай платы. Удзельная вага прадпрыемства ў агульным аб’ёме вытворчасці раёна павялічылася на 10 працэнтных пунктаў і склала 41 працэнт. Прадпрыемства не мае запазычанасці па падатках, зборах і іншых плацяжах.
Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Ушацкі лясгас” (дырэктар Уладзіслаў Уладзіміравіч Цвірко). У мінулым годзе на 85,9 працэнта павялічана вытворчасць прамысловай прадукцыі, узровень сярэдняй заработнай платы – на 51,2 працэнта, што па выніках года склала 757,4 рубля і з’яўляецца адной з самых высокіх у рэальным сектары эканомікі раёна. Тэмп росту прадукцыйнасці працы апераджае тэмп росту заработнай платы на 5,3 працэнта. Прадпрыемства не мае запазычанасці па падатках, зборах і іншых плацяжах. Аб’ём экспарту лесапрадукцыі і паслуг узрос у 2,3 раза. Устаноўлена абсталяванне па вытворчасці абразных піламатэрыялаў і акорачнага кола.
Дзяржаўная ўстанова культуры “Ушацкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” (дырэктар Валянціна Уладзіміраўна Літвін). За 2018 год планавыя паказчыкі дзейнасці выкананы ў поўным аб’ёме: праведзена 595 мерапрыемстваў, аформлена 1144 выставы. У рамках міні-праекта “Мае землякі – мая гордасць”, прысвечанага Году малой радзімы, устаноўлены мемарыяльная дошка паэтэсе Е.Я.Лось, інфармацыйная дошка паэту-сатырыку Ф.Ф.Тапчэўскаму ў аграгарадку Глыбачка. Работнікамі ўстановы праводзяцца мерапрыемствы па папулярызацыі творчасці сучасных мясцовых паэтаў і пісьменнікаў, конкурсы прафесійнага майстэрства.
Ушацкі ўчастак электрасувязі Полацкага занальнага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белтэлекам” (начальнік Аляксандр Уладзіміравіч Шакута). Даходы ад паслуг сувязі за 2018 год склалі 1095 тысяч рублёў (100 працэнтаў да плана) і павялічыліся ў параўнанні з 2017-ым на 7,1 працэнта або на 72,2 тысячы рублёў. Прырост абанентаў стацыянарнага шырокапалоснага доступу да сеткі інтэрнэта склаў 76 абанентаў пры плане 69. Дасягнуты апераджальны тэмп росту аб’ёма вырабленай прадукцыі над тэмпам росту страт на 6,9 працэнтныя пункты. Выручка ад рэалізацыі паслуг склала 1372 тысячы рублёў і вырасла да адпаведнага перыяду 2017 года на 7,2 працэнта. Сабекошт 100 рублёў выручкі ад рэалізацыі паслуг (без уліку падаткаў) знізіўся да ўзроўню 2017 года на 6,5 працэнта і склаў 97 рублёў. Рэнтабельнасць продажу склала 2,4 працэнта пры заданні 2,2, а рэнтабельнасць ад рэалізацыі паслуг – 3,1 працэнта пры заданні 2,9.
Дзяржаўная ўстанова “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна” (дырэктар Алеся Уладзіміраўна Хвашчэўская). Дасягнуты высокія паказчыкі пры рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі па сацыяльнай абароне насельніцтва Ушацкага раёна. Колькасць аказаных паслуг у параўнанні з 2017 годам павялічылася на 159,6 працэнта (354901 паслуга). Тэмп росту платных паслуг, аказаных аддзяленнем сацыяльнай дапамогі на доме, у фактычных цэнах склаў 128,3 працэнта. Распрацавана два гуманітарныя праекты “Мір без абмежаванняў”, “Няхай старасць будзе ў радасць” з аб’ёмам фінансавання 10,2 тысячы долараў ЗША і 13,2 тысячы долараў ЗША адпаведна, якія зараз знаходзяцца на разглядзе ў Пасольстве Рэспублікі Польшча і Беларусі і грамадскім аб’яднанні “Ротары клуб Мінск Сіці”.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Вялікадолецкая дзіцячы сад-сярэдняя школа імя П.У.Броўкі Ушацкага раёна” (дырэктар Рыма Леанідаўна Аніскевіч). У мінулым годзе прадоўжана мэтанакіраваная і эфектыўная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі, стварэнні спрыяльных умоў для раскрыцця творчага патэнцыялу педагогаў і вучняў, забеспячэнні якасці адукацыйнага працэсу, дасягнутыя вынікі ў навучанні і выхаванні школьнікаў. Установа адукацыі стала пераможцам раённага агляду-конкурсу па падрыхтоўцы да новага 2018/2019 навучальнага года, раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі”. Вучні школы былі адзначаны дыпломамі першай і другой ступені абласных і рэспубліканскіх конкурсаў даследчых работ.
Ушацкае раённае спажывецкае таварыства (старшыня праўлення Лілія Альбінаўна Долгая). Па выніках гаспадарча-фінансавай дзейнасці за 2018 год Ушацкае райспажыўтаварыства заняло першае месца ў сістэме Віцебскага аблспажыўсаюза. Атрымана 193 тысячы рублёў чыстага прыбытку. У раённы бюджэт за студзень-снежань 2018 года ўплачана падаткаў на суму 444 тысячы рублёў. Сукупны аб’ём дзейнасці за мінулы год па Ушацкім райспажыўтаварыстве склаў 32,8 мільёна рублёў – чацвёртае месца ў сістэме аблспажыўсаюза. Выканана 8 з 9 зацверджаных: па рознічным тавараабароце гандлёвай сеткі ведамасных прагнозных параметраў. Тэмп росту рознічнага тавараабароту гандлёвай сеткі склаў 123,9 працэнта, пры абласным паказчыку 88,5, па тавараабароце грамадскага харчавання – 100,6 працэнта, пры абласным паказчыку 86,4. Забяспечаны рост нарыхтоўчага абароту ў памеры 132,2 працэнта, пры абласным – 106,6, па вытворчасці прамысловай прадукцыі – 114,8 працэнта пры паказчыку па аблспажыўсаюзе 102,5. Тэмп росту прадукцыйнасці працы па выручцы ад рэалізацыі прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 106,7 працэнта.
Аляксандр Віктаравіч СЕЛЕЗЕНЬ – трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці адкрытага акцыянернага таварыства “Ільюшынскі”.
Гэты нешматслоўны і спакойны малады чалавек з кагорты тых, на кім трымаюцца прадпрыемствы. На працягу 14 гадоў ён нязменна працуе ў роднай гаспадарцы на ўзворванні, сяўбе, адвозцы кармоў і арганікі, іншых відах работ. З любымі заданнямі спраўляецца якасна, у тэрміны, з захаваннем агратэхнічных патрабаванняў. У мінулым сезоне на трактары МТЗ-1221 з прычэпам ПСПБ-17 адвёз 1207 тон зялёнай масы, выпрацоўка па выніках 2018 года склала 2303 умоўныя эталонныя гектары. Прозвішча А.В.Селезня неаднойчы заносілася на Дошку гонару прадпрыемства, ён з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых цырымоній ушанавання працаўнікоў сяла, неаднаразовым пераможцам спаборніцтваў сярод трактарыстаў-машыністаў.
Марына Вікенцьеўна ЛАДЗІК – галоўны бухгалтар даччынага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна”.
Глыбокія спецыяльныя веды і дастатковы стаж работы ў сферы даюць ёй магчымасць не толькі кантраляваць і аналізаваць работу прадпрыемства, а пры неабходнасці нават планаваць і кіраваць яго дзейнасцю. Пры непасрэдным удзеле Марыны Вікенцьеўны асвоена звыш 20 мільёнаў 400 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў для праектавання, будаўніцтва, рамонту, мадэрнізацыі, закупу абсталявання на такія сацыяльна-значныя аб’екты, як яслі-сады №3 і 4, суд Ушацкага раёна, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, 40-кватэрны дом у гарпасёлку, дзіцячая школа мастацтваў, музей. Без перабольшвання вялізная фінансавая праца заўсёды выконваецца ў тэрмін, дзеля чаго М.В.Ладзік часта не лічыцца з уласным часам, якога ў матулі дзвюх дачушак і старшыні папячыцельскага савета Ушацкай школы не так і многа.
Аляксандр Васільевіч ЧЭВІДАЕЎ – машыніст бульдозера шостага разраду камунальнага даччынага ўнітарнага прадпрыемства меліярацыйных сістэм “Ушацкае ПМС”.
У калектыве карыстаецца бясспрэчным і заслужаным аўтарытэтам. З тэхнікай звязана ўся вялікая працоўная дзейнасць Аляксандра Васільевіча, 17 апошніх гадоў – ва Ушацкім ПМС. На бульдозеры “Shantui-SD-16” ён выконвае работы па раскарчоўцы кустоўя, раскрыцці паніжэнняў і распрацоўцы грунтоў. Некалькі гадоў запар А.В.Чэвідаеў перавыконвае заданні па росце прадукцыйнасці працы: у 2018-м пры плане 124,6 тысячы ўмоўных м3, фактычна зроблена 151,1, што склала 121,3 працэнта да мінулагодняга ўзроўню. Вынік дзейнасці Аляксандра Васільевіча – у тысячах гектараў чыстых палёў, прывабным выглядзе важнейшых аб’ектаў, на добраўпарадкаванні якіх працаваў гэты паважаны і сумленны прафесіянал.
Алег Пятровіч КРЫСКЕВІЧ – камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях установы “Віцебскае абласное ўпраўленне МНС”.
У органах па надзвычайных сітуацыях Алег Пятровіч служыць з 1997 года, за гэты час яму неаднаразова даводзілася прымаць удзел у ліквідацыі складаных пажараў. За мінулы год 24 разы выязджаў на выклікі, акрамя гэтага ўдзельнічаў ва ўборцы аварыйных дрэў і старых дамоў, ліквідацыі баршчэўніку на тэрыторыі раёна, а таксама падрыхтоўцы будынка новай часці да эксплуатацыі. Сябруе са спортам і ўваходзіць у зборныя каманды аддзела па футболе і лыжных гонках. Сярод значных узнагарод старшага прапаршчыка – медаль “За бездакорную службу” трэцяй ступені.
Наталля Васільеўна КОНУХ – прадавец 6-га разраду магазіна “Універмаг” Ушацкага райспажыўтаварыства.
Яна нязменны працаўнік трэцяга паверха ўнівермага вось ужо на працягу 36 гадоў. Умее прыцягнуць пакупнікоў ветлівым абслугоўваннем, прарэкламуе любую рэч, вывучае густы і запыты ўшачан, а таму ў магазіне заўсёды прысутнічаюць неабходныя тавары. Калектыў, дзе працуе Наталля Васільеўна, ніколі не мае недастач, а з усімі даведзенымі паказчыкамі спраўляецца паспяхова. Напрыклад, план рознічнага тавараабароту за 2018 год выкананы на 107,9 працэнта, а сярэдняя нагрузка на аднаго прадаўца склала 9,5 тысячы рублёў пры плане 8,5. Гэтую сумленную, добразычлівую, ураўнаважаную жанчыну паважаюць калегі і пакупнікі. Яе прозвішча заносілася на Дошку гонару прадпрыемства.
Ігар Мікалаевіч АРЭХВА – дыспетчар даччынага камунальнага ўнітарнага будаўнічага прадпрыемства “Ушацкая ПМК-66”.
Дзейнасць у арганізацыі пачынаў у 2005 годзе на пасадзе інжынера па тэхніцы бяспекі і ахове працы пасля 11 гадоў, праведзеных у будаўнічай галіне на пасадах ад простага работніка і бетоншчыка да майстра і прараба. Гэта дазволіла Ігару Мікалаевічу дасканала вывучыць усе нюансы сферы “знутры”, авалодаць шырокімі ведамі і навыкамі, хутка прымаць граматныя і правільныя рашэнні, што і патрабуецца ад сапраўднага дыспетчара. Пры неабходнасці ён можа замяніць многіх спецыялістаў прадпрыемства. Высокія маральныя і дзелавыя якасці І.М.Арэхва станоўча ўплываюць на калектыў, у якім ён з’яўляецца ініцыятарам грамадскіх спраў.
Ганна Канстанцінаўна МЯЛЕШКА – загадчык Селішчанскага сельскага клуба дзяржаўнай установы культуры “Ушацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
Пераўвасобіцца ў якога-небудзь персанажа ці скласці сцэнарый да свята – для яе не праблема, бо працуе жанчына ў галіне культуры ўжо больш трох дзясяткаў гадоў. Летась у клубе прайшло 204 мерапрыемствы, удзельнікамі якіх сталі больш трох тысяч чалавек, а план платных паслуг выкананы на 101 працэнт. Члены клубных фарміраванняў ніколі не абмінаюць раённыя святы, кірмашы і конкурсы, а тэатральны калектыў “МіМ” – пастаянны ўдзельнік абласнога агляду-конкурсу “Тэатральныя далягляды вёскі”. Летась Ганна Канстанцінаўна заняла 3 месца на раённым конкурсе культарганізатараў “Пойдзем разам на ігрышча”.
Надзея Леанідаўна БАРАДУЛЬКА – дыспетчар унітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.
За плячыма гэтай жанчыны – ужо 30 гадоў працоўнага стажу на прадпрыемстве. Займала самыя розныя пасады, таму добра арыентуецца ў спецыфіцы работы ўсіх “падраздзяленняў” і хутка прымае меры да ўхілення праблем, з якімі звяртаюцца да яе карыстальнікі камунальных паслуг. У скарбонцы прафесійных дасягненняў Надзеі Леанідаўны нямала ўзнагарод – сёлета, напрыклад, яна атрымала нагрудны знак “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”. Жанчына – душа калектыву, без яе ўдзелу не абыходзіцца амаль ніводнае мерапрыемства, што ладзіцца на прадпрыемстве ці ў раёне.
Святлана Іванаўна ЕРАШОВА – участковы ўрач-педыятр дзіцячай кансультацыі ўстановы аховы здароўя “Ушацкая цэнтральная раённая бальніца”.
Праз яе рукі прайшло не адно пакаленне ўшацкіх дзяцей. І кожнага яна памятае пайменна. Заўсёды ўважлівая, Святлана Іванаўна ўмее знайсці падыход нават да самага капрызнага маленькага пацыента і словы супакаення для іх бацькоў. Без малага ўжо 47 гадоў яна з радасцю спяшаецца на работу і імкнецца зрабіць усё, каб хворыя хутчэй ішлі на папраўку. Дзякуючы яе прафесіяналізму назіраецца павелічэнне эфектыўнасці дыспансерызацыі, знізілася агульная дзіцячая смяротнасць, ажыццяўляецца 100-працэнтны ахоп дзяцей прышчэпкамі. Гэтую добразычлівую жанчыну паважаюць усе, хто мае з ёй прафесійныя ці асабістыя зносіны, і часта называюць ёмістым выразам: “Урач ад Бога”.
Марына Генадзьеўна ХАРЭВІЧ – старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі ўстановы аховы здароўя “Ушацкая цэнтральная раённая бальніца”, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.
Больш за два дзясяткі гадоў Марына Генадзьеўна прысвяціла медыцыне. У свой час аказвала дапамогу пацыентам у Жарскім ФАПе, тэрапіі і прыёмным пакоі райбальніцы. Мае глыбокія прафесійныя веды і практычныя навыкі, якія штодня прымяняе ў рабоце. Лёгка знаходзіць агульную мову нават з самымі капрызнымі пацыентамі. Праяўляе сябе жанчына і ў грамадскай дзейнасці, з 2012 года з’яўляецца лідарам прафсаюзнай пярвічкі ЦРБ, у склад якой уваходзяць ажно 338 чалавек. Яна не лічыцца з вольным часам – адстойвае інтарэсы калектыву, клапоціцца пра аздараўленне сямей медработнікаў, наладжвае культурна-масавыя мерапрыемствы. За такую ўніверсальнасць, энергічнасць М.Г.Харэвіч даўно заслужыла павагу калег і любоў пацыентаў.
Ніна Васільеўна ЛІТВІНАВА – участковы ўрач-педыятр дзіцячай кансультацыі ўстановы аховы здароўя “Ушацкая цэнтральная раённая бальніца”.
Без малага паўстагоддзя гэты ўнікальны спецыяліст аддае маленькім пацыентам веды, вопыт і спагаду, а многія ўшачане, якіх калісьці лячыла Ніна Васільеўна, зараз прыводзяць да яе сваіх дзяцей і нават унукаў. Здаецца, што для таго, каб паставіць дакладны дыягназ, ёй дастаткова аднаго позірку на пацыента, і амаль не бывае выпадкаў, калі б меркаванне педыятра не пацвердзілася вынікамі абследавання. Ніна Васільеўна не выпусціць дзіця з-пад сваёй увагі, пакуль не знікне апошні сімптом хваробы. Пад яе асаблівым кантролем – малышы з нядобранадзейных сем’яў, дзеці з хранічнымі захворваннямі. Чалавекам з вялікім сэрцам і непахісным аўтарытэтам лічаць Н.Літвінаву не толькі калегі, а і ўсе землякі.
Ганна Аляксандраўна БАБЯНОК – педагог дадатковай адукацыі дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Ушацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі”.
Таленавітая, актыўная, мэтанакіраваная, а галоўнае – сэрцам адданая дзецям. Усё гэта пра яе, педагога з вышэйшай адукацыяй і 19 гадамі стажу ў галіне. Яе працоўнае месца – своеасаблівы вернісаж творчых ідэй, дзейсных адукацыйных знаходак, які штодня вабіць дзяцей на заняткі. Кавалак тканіны, пацеркі, ліст паперы і нават звычайнае пер’е – усё ў руках майстра і яго вучняў ператвараецца ў шэдэўр. Падлічыць, колькі перамог заваявана выхаванцамі Ганны Аляксандраўны і ёй самой на конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, проста немагчыма – толькі сёлета іх больш дзясятка. Ну а высокамастацкія работы дзіцячага калектыву студыі “Залатая саломка”, кіраўніком якой з’яўляецца жанчына, ведаюць ужо не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Ніна Мікалаеўна МАКОВІЧ – старшы майстар па абслугоўванні і эксплуатацыі жылфонду ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.
Вытворчы ўчастак, якім кіруе жанчына, адзін з самых складаных і адказных у камунальнай сферы, бо працякаючы дах ці забітая каналізацыя непасрэдна ўплываюць на якасць жыцця людзей. На яго абслугоўванні 313 дамоў. Летась пад кіраўніцтвам старшага майстра для рамонту жылля асвоена каля 34 тысяч рублёў, а ўсе аварыйныя сітуацыі ўхіляліся ў самыя кароткія тэрміны. Паспяховаму выкананню абавязкаў спрыяюць не толькі вопыт і прафесіяналізм Ніны Мікалаеўны, а і яе ўраўнаважанасць, уменне згладжваць канфлікты. Н.Маковіч – сапраўдны лідар свайго калектыву, а прызнаннем яе заслуг стала атрыманне нагруднага знака “Ганаровы работнік ЖКГ” і прысваенне па выніках леташняй дзейнасці звання “Чалавек года Віцебшчыны”.
Сяргей Алегавіч ВАСІЛЕЎСКІ – вадзіцель аўтамабіля 4 разраду Ушацкага ўчастка электрасувязі Полацкага занальнага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”.
На працягу вось ужо 20 гадоў ён забяспечвае своечасовую дастаўку тэхперсаналу да абанентаў і аб’ектаў электрасувязі. Да сваёй справы Сяргей Алегавіч прыкіпеў душой, быць заўсёды ў руху яму падабаецца. Якімі б ні былі абставіны, імкнецца не парушаць устаноўленыя правілы паводзінаў на дарозе. А яшчэ ў прынцыпах вадзіцеля – працаваць на сумленне, быць не назіральнікам, а актыўным удзельнікам спраў і пераўтварэнняў, ад якіх залежыць работа ўшацкіх сувязістаў і якасць паслуг для кожнага абанента.
Алена Мечыславаўна ЖУК – настаўнік хіміі і біялогіі дзяржаўнай установы адукацыі “Вялікадолецкая дзіцячы сад-сярэдняя школа імя П.У.Броўкі Ушацкага раёна”.
Кожны ўрок Алены Мечыславаўны – у пэўным сэнсе адкрыццё. Яна не абмяжоўваецца “сухім” матэрыялам падручнікаў – заўсёды знаходзіць штосьці цікавае, што развівае экалагічную культуру, эканамічную адукаванасць вучняў, выкарыстоўвае ў рабоце сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Колькасці заваяваных вучнямі А.М.Жук узнагарод на розных конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, напэўна, пазайздросцяць многія. Зрэшты, як і дасягненням самога педагога, у прафесійнай скарбонцы якога нямала грамат і дыпломаў, а таксама публікацый у навуковых выданнях.
Вячаслаў Уладзіміравіч ГАРДЗІЁНАК – вадзіцель аўтамабіля філіяла “Сарочына” вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў”.
Амаль усё сваё вялікае працоўнае жыццё Вячаслаў Уладзіміравіч правёў за рулём, шчыраваў у сельскай гаспадарцы, дзе праца вадзіцеля заўсёды запатрабавана. Апошнія ж 15 год ён аддае свае сілы і майстэрства адзінаму ў раёне прадпрыемству свінагадоўчай галіны. Дзякуючы яго намаганням гадаванцы комплексу бесперабойна забяспечваюцца камбікормам і спраўна набіраюць вагу. Працавітасць і дысцыплінаванасць, ветлівасць і чуласць – тыя якасці, за якія В.Гардзіёнка паважаюць калегі і цэніць кіраўніцтва. Знаходзіць ён час і для ўдзелу ў грамадскім жыцці.
Алег Віктаравіч СЕВЯРЫН – камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях установы “Віцебскае абласное ўпраўленне МНС”.
Адзін з самых вопытных ушацкіх выратавальнікаў, з 28-гадовым стажам службы. Толькі летась мужчына 22 разы выязджаў на ліквідацыю надзвычайных сітуацый – ад агню ўдалося выратаваць 6 пабудоў і матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 9,4 тысячы рублёў. За 2018 год асабіста ім аказана платных паслуг на суму больш за 1,6 тысячы рублёў. Пастаянна абараняе гонар аддзела на чэмпіянатах МНС вобласці па плаванні. На яго рахунку нямала ўзнагарод, сярод якіх нагрудны знак МНС “Выдатнік” і медаль “За бездакорную службу” трэцяй ступені.
Валерыя Мікалаеўна ДЖУРАЕВА – трэнер па барацьбе дзюдо дзяржаўнай спецыялізаванай вучэбна-спартыўнай установы “Ушацкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа”.
На трэніроўкі да Валерыі Мікалаеўны юныя дзюдаісты заўсёды ідуць з радасцю, бо яна ўмее зрабіць кожны занятак захапляльным, ставіцца да іх, як да ўласных дзяцей. Хоць стаж работы ў трэнера адносна невялікі, яе выхаванцы ўжо дасягнулі адметных поспехаў: так, летась Д.Адамовіч стаў пераможцам абласнога першынства і прызёрам рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў, два падапечныя В.Джураевай сталі навучэнцамі Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву. Валерыя Мікалаеўна вучыць юных спартсменаў быць моцнымі, стараннымі і сумленнымі не толькі на татамі, а і ў жыцці. Яна годна працягвае слаўныя традыцыі ўшацкай школы дзюдо.