Аб’екты ІІ Еўрапейскіх гульняў

Источник материала:  
29.04.2019 — Разное

Аб’екты ІІ Еўрапейскіх  гульняў
Усе аб’екты для правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў будуць поўнасцю падрыхтаваны да 15 мая бягучага года. Аб гэтым заявіў на пасяджэнні Выканкама Нацыя­нальнага алімпійскага камітэта прэм’ер-міністр Сяргей Румас, які ўзначальвае аргкамітэт па пад­рыхтоўцы і правядзенні ІІ Еўрапейскіх гульняў у Беларусі, перадае карэспандэнт БелТА.
Прэм’ер-міністр адзначыў, што да пачатку Еўрапейскіх гульняў у Мінску застаецца 67 дзён і да гэтага часу аб’екты, якія будуць задзейнічаны для іх арганізацыі і правядзення, знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці. «Да 15 мая неабходна забяспечыць поўную гатоўнасць усіх аб’ектаў», — падкрэс­ліў Сяргей Румас.
Па кожным спартыўным аб’екце Гульняў рэалізуюцца дэталёвыя планы падрыхтоўкі. Цяпер заканчваецца ўзвядзенне часовай інфраструктуры, завяршаецца закупка неабходнага абсталявання.
«На спартыўных аб’ектах праведзены ўжо тэставыя спаборніцтвы па 14 спартыўных дысцыплінах, у ходзе якіх дэталёва адпрацаваны дзеянні ўсіх зацікаўленых службаў. З красавіка па пачатак чэрвеня будуць праведзены тэставыя спаборніцтвы яшчэ ў 7 відах спорту», — праінфармаваў прэм’ер-міністр, дадаўшы, што спаборніцтвы не выявілі сур’ёзных праблем і атрымалі станоўчую ацэнку міжнародных экспертаў.
Прадаўжаецца таксама пад­рыхтоўка інфармацыйна-тэхналагічнай платформы, якая ўключае ў сябе акрэдытацыю, кіраванне персаналам, транспартны, лагістычны, медыцынскі і іншыя сэрвісы. «Яе распрацоўка практычна завершана. Асобныя модулі гэтай сістэмы прайшлі ўжо тэставую апрабацыю. Тэсціраванне ўсіх сэрвісаў будзе выканана ў маі бягучага года ў час тэставых спаборніцт­ваў па лёгкай атлетыцы», — сказаў Сяргей Румас.
Ён звярнуў увагу, што пытанні размяшчэння ўдзельнікаў і гасцей Гульняў ужо вырашаны: «Для пражывання спартсменаў і трэнераў — каля 6 тыс. чалавек — будзе задзейнічаны комплекс «Студэнцкая вёска». Праведзена работа па рассяленні студэнтаў. Усім прадастаўлены месцы пражывання ў іншых інтэрнатах. Вызначаны гасцініцы і забраніраваны нумары, неабходныя для размяшчэння прадстаўнікоў спартыўных дэлегацый, афіцыйных асоб замежных дзяржаў і іншых гасцей».
Акрамя таго, для гасцей і турыстаў у сталіцы будзе даступна каля 7 тыс. месцаў без уліку здаваемых кватэр, вызначаны месцы для магчымага размяшчэння ў Мінскай вобласці — гэта каля 18 тыс. месцаў.
ІІ Еўрапейскія гульні прой­дуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 года ў Мінску. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў васьмі відах стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа. Спаборніцтвы па бадмінтоне, боксе і дзюдо пройдуць у рангу чэмпіянатаў Еўропы.

←Выплаты зарплаты работникам предприятий-банкротов могут застраховать

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика