Образцовый хор Ушачской детской школы искусств завоевал победу на конкурсе хоровой и вокальной музыки в Орше
Калі запытала ва ўдзельніц Узорнага хору Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў, хто з іх бываў у “Хатыні”, большасць узнялі рукі. І нават самыя малодшыя, якія на свае вочы не бачылі мемарыял, запэўнілі, што ведаюць яго гісторыю. А таму зусім нядзіўна, што пры выкананні вакальнага твору “Званы Хатыні” па целах у юных спявачак бягуць мурашкі. Ды і не толькі ў іх. Акампаніятар калектыву Вольга Аляксандраўна Цітова прызнаецца, што баіцца збіцца з мелодыі, бо на вочы наварочваюцца слёзы. Вядома ж, адчуваюць гэту пранізлівую энергетыку і слухачы: твор стаў ключавым момантам праграмы, якую наш калектыў прадставіў на V адкрытым гарадскім фестывалі-конкурсе харавой і вакальнай музыкі “Аршанская скарбніца”.
Пра яго высокі ўзровень сведчыць удзел узорных калектываў з Мінска, Віцебска, Магілёва, лепшых выканаўцаў прадставілі і гаспадары, а таму відавочна, што разлічваць на перамогу ўшачанам было складана. Але яны зрабілі гэта! “Калі пачулі, што нам прысуджана першае месца, закрычалі ад радасці на ўсю залу!” – з дзіцячай непасрэднасцю дзеляцца эмоцыямі дзяўчаты. Прынамсі, ёсць у хоры і прадстаўнік моцнага полу: Віктар Малаток скончыў школу мастацтваў тры гады таму, аднак не змог развітацца з родным калектывам і дадае мужчынскіх фарбаў у яго гукавую палітру. Сёлета навучанне на аддзяленні заканчваюць яшчэ 8 удзельніц – на экзамене яны ўжо самі будуць дырыжыраваць хорам, і на адной з рэпетыцый мне давялося “падгледзець”, як упэўнена з гэтым спраўляюцца выпускніцы. Адметна, што дзяўчаты таксама мяркуюць застацца “ў творчай абойме” калектыву. Яго кіраўнік Жанна Віктараўна Савіцкая ўдзячная ўсім сваім навучэнкам, калегам-педагогам Алесі Іўліевай, Ірыне Коршун, Вользе Полазавай, Алене Сазонавай, якія дапамагаюць юным харысткам і служаць для іх пэўным вакальным арыенцірам, а таксама нашай юнай зорачцы Аліне Герцык, што ўпрыгожыла адзін з конкурсных нумароў цымбальнай партыяй.
Вядома ж, поспех мацуецца не толькі на добрым выкананні, а і на ўдалым падборы рэпертуару: прыгаданыя “Званы Хатыні” Жанна Віктараўна спецыяльна пераклала для дзіцячага хору, зрабіўшы іх разынкай выступлення, а іншыя грані творчых магчымасцяў падкрэслілі патэтычны твор С.Рахманінава “Слаўся!”, беларуская народная песня “Весялушкі” і арыгінальны нумар “Зіма” – некалькі дзяўчат аздаблялі яго гукамі ігры на бакалах. “Мы вельмі хваляваліся, бо ўпершыню мелі справу з такім “інструментам”, – прызнаецца юная спявачка Ульяна Ядрэўская.
“Надзвычай радасна, што не чужы мне калектыў з Ушач паказаў такі высокі ўзровень і атрымаў перамогу ў нашым конкурсе!” – падзяліўся ўражаннямі член журы, начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Сяргей Дзмітрыевіч Гарбачоў, які раней займаў падобную пасаду ў нашым раёне. Прыемна, што і цяперашняе кіраўніцтва сферай культуры спрыяе рэалізацыі творчых амбіцый узорнага калектыву, што праслаўляе Ушаччыну. А значыць, наперадзе ў яго новыя трыумфы і, канечне, выступленні для землякоў – да слова, прыгаданыя “Званы Хатыні” хор мяркуе прадставіць у канцэрце да Дня Перамогі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.