В Шумилино соревновались клубы юных спасателей-пожарных
19.04.2019
—
Разное
12 красавіка на базе раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і СШ №1 прайшоў раённы этап рэспубліканскага злёту клубаў юных ратавальнікаў-пажарных сярод вучняў сярэдніх школ раёна.
Мерапрыемства стала традыцыйным сродкам папулярызацыі руху юных ратавальнікаў-пажарных, прывіцця вучням культуры бяспекі жыццядзейнасці і неабходнага мінімуму ведаў па правілах пажарнай бяспекі, уменні карыстацца сродкамі пажаратушэння і граматна дзейнічаць у выпадку ўзнікнення пажару ці іншай надзвычайнай сітуацыі. Арганізатарамі злёту выступілі аддзел па надзвычайных сітуацыях, аддзел па адукацыі і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА БРСМ.
На ўрачыстым адкрыцці, падчас якога капітаны каманд адрапартавалі пра гатоўнасць да ўдзелу ў злёце, намеснік начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце РАНС Іван Маскалькоў павітаў удзельнікаў мерапрыемства, пажадаў цікавых і выніковых выступленняў і, канешне ж, перамогі.
Рабяты дэманстравалі свой узровень страявой падрыхтоўкі, спявалі і танцавалі, раскрывалі тэму дзейнасці маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных па прапагандзе бяспекі жыццядзейнасці, удзельнічалі ў конкурсе знатакоў, прадстаўлялі на суд журы ролік сацыяльнай накіраванасці.
Заключным этапам злёту стаў конкурс “Пажарны кросфіт”, падчас якога ўдзельнікі ў форме эстафеты дэманстравалі ўменне зладжана дзейнічаць у камандзе, хутка апранаць баявое адзенне ратавальнікаў-пажарных, пераадольваць перашкоды, самастойна працаваць з пажарнымі рукавамі, а таксама ратаваць пацярпелых.
Нягледзячы на тое, што каманды выступілі дастойна, найбольш падрыхтаванай аказалася каманда з СШ №1, якая і стала пераможцам раённага этапа і прадставіць Шуміліншчыну на занальным туры ў Віцебску. На другое месца выйшла каманда Мікіціхінскай СШ, трэцяй стала каманда з СШ №2.
Былі вызначаны і пераможцы ў асабістым заліку: Валянціна Хо-дзюш з СШ №1 прызнана лепшым камандзіра, Аляксандр Шчамялёў з СШ №1 – лепшым у страявой падрыхтоўцы, Кірыл Волкаў з СШ №1 – лепшым знатаком.
Каманды-пераможцы і ўдзельнікі, якія занялі прызавыя месцы, былі ўзнагароджаны дыпломамі і салодкімі падарункамі.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2019 г.