Беларусаў запрашаюць на "Агульную дыктоўку"
1 чэрвеня ў Беларусі пройдзе масавая «Агульная дыктоўка» па беларускай мове. Напісаць яе можна будзе дома альбо ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Маштабная ініцыятыва прымеркавана да 400-годдзя выхаду "Граматыкі" Мялеція Сматрыцкага – кнігі, якая больш за 200 гадоў была вядучым выданнем па славянскай філалогіі, паведамілі ў кампаніі «Лідскае піва», якая з'яўляецца арганізатарам праекта.
Напісаць дыктоўку можа любы ахвочы незалежна ад узросту і роду заняткаў. Пры гэтым арганізатары свядома выбіраюць тэкст павышанай складанасці, каб звярнуць увагу на багацце, самаідэнтычнасць і асаблівасці беларускай мовы.
Каб стаць удзельнікам, трэба зарэгістравацца на старонцы праекта і ў пазначаны час далучыцца да сотняў беларусаў, якія будуць пісаць дыктоўку на роднай мове. Сёлета арганізатары забяспечваюць радыётрансляцыю дыктоўкі на хвалях радыёстанцыі "Культура" (102,9 FM у Мінску, 88,5 FM у Брэсце, 99,3 FM у Віцебску, 91,5 FM у Гомелі, 95,0 FM у Гродне, 99,1 FM у Магілёве). Прамая трансляцыя пачнецца а 12 гадзіне адначасова са стартам дыктоўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Для праверкі трэба будзе адправіць сваю працу праз форму на сайце lidskae.by.
Правяраць усе дыктоўкі будуць прафесійныя філолагі. Арганізатары звяртаюць увагу, што выпраўленні будуць улічвацца на карысць ўдзельніка.
Вынікі дыктоўкі стануць вядомыя праз 5-7 рабочых дзён, і кожны ўдзельнік атрымае электронны сертыфікат аб удзеле. Арыгінал тэксту дыктоўкі будзе апублікаваны на старонцы праекта, каб кожны мог праверыць свой вынік.
«Праект «Агульная дыктоўка» накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы. Неардынарны фармат дазваляе ўдзельнікам згуртавацца і знайсці аднадумцаў па агульных інтарэсах, – адзначылі ў кампаніі «Лідскае піва». – Сёлета мы будзем пісаць «Агульную дыктоўку» ўжо ў трэці раз. Калі 2 гады таму да нас далучыліся каля 170 чалавек, то летась іх было ўжо больш за 300. У гэтым годзе разлічваем на яшчэ большую колькасць удзельнікаў».
Папулярызацыя беларускай мовы – важны напрамак карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці «Лідскага піва». Кампанія рэгулярна праводзіць акцыі і фестывалі на беларускай мове і выкарыстоўвае яе ў сваёй камунікацыі.
Праект «Агульная дыктоўка» ў 2019 годзе праводзіцца кампаніяй «Лідскае піва» пры падтрымцы канала «Культура» Беларускага радыё.