На Смаргоншчыне адкрылі мотасезон
13.04.2019
—
Разное
У Смаргонскім раёне ўрачыста адкрылі мотасезон. Акрамя мясцовых байкераў у мерапрыемстве прынялі ўдзел аматары двухколавых транспартных сродкаў з Маладзечна, Вілейкі, Ашмянаў. Было больш за 120 чалавек, якія прыехалі на 84 матацыклах. Сустрэча адбылася па прапанове ініцыятыўнай групы, якая існуе ў байкерскім асяроддзі.
З байкерамі пагутарылі супрацоўнікі мясцовага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі. Потым калона з матацыклаў у суправаджэнні двух аўтамабіляў ДАІ праехала па вуліцах Савецкай – Гагарына і накіравалася ў напрамку Крэва. У цэнтры гэтага аграгарадка ўладальнікі двухколавых транспартных сродкаў прыпаркавалі свае байкі і сабраліся ў мясцовым кафэ, дзе быў арганізаваны “салодкі стол”.
Дзяржаўтаінспектары правялі сярод байкераў растлумачальную работу. Начальнік аддзела ДАІ РАУС Аляксандр Баршчэўскі расказаў аб аб правілах пастаноўкі матацыклаў на ўлік, бяспечных паводзінах на дарогах, заклікаў не парушаць Правілы дарожнага руху, рэагаваць на іх парушэнне іншымі ўдзельнікамі матацыклетнай супольнасці, адказаў на пытанні.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.