Міхаіл Галомзік і Алег Сосаў
У мінулую сераду рэдакцыйны аўтамабіль узяў курс на палеткі ААТ “Дабаснянскае”, каб зрабіць фотарэпартаж аб ходзе пасяўной кампаніі. Сустрэўшыся ля адміністрацыйнага будынка сельгаставарыства з дырэктарам Аляксандрам Вербінавым і галоўным аграномам Андрэем Голубевым, накіроўваемся на поле ў раёне в.Вазнясенск. Пакуль едзем да месца, галоўны аграном каменціруе ход сяўбы.
Веснавую пасяўную кампанію распачалі ў пачатку красавіка. Першымі леглі ў глебу зярняты аўса, паралельна паклапаціліся і пра зялёны корм для грамадскага статка: на 11 га пасеялі аднагадовыя культуры. Зараз ідзе сяўба ячменю, пад яго плануецца заняць каля 280 га, з іх 100 га — півавараным, і зернебабовай сумесі, якая стане добрым складальнікам камбікармоў.
Значную частку палявых работ дабаснянцы правялі яшчэ з восені: па магчымасці, узаралі і падрыхтавалі глебу, зараз гэта дазваляе паскорыць тэмпы сяўбы. Агульная пасяўная плошча яравых збожжавых складае 725 га.
Назіраючы за мільгаючымі за вакном аўтамашыны палеткамі, то свежаўзаранымі, то з прыгожай яркай зелянінай, пацікавілася ў спецыяліста станам азімых культур.
Па словах Андрэя Голубева, у большасці сваёй азімыя выйшлі з пад снежнага покрыва даволі моцнымі і густымі. Маразы без снегу ў пачатку зімы крыху пашкодзілі азімы трыцікале, зараз спецыялісты назіраюць за станам і развіццём раслін. Актыўна вядуцца работы па другой падкормцы азімых. Гэты адказны ўчастак даверылі вопытнаму механізатару Барысу Паўлюцу, на яго рахунку ўжо больш за 1300 га. Падключыўся да работ і Вадзім Ганчароў, які дагэтуль займаўся падсевам траў. На ўнясенні ўгнаенняў пад сяўбу яравых заняты Канстанцін Бязумаў.
Сяргей Сямёнаў і Барыс Паўлюц
Распачаўшы гутарку пра механізатарскія кадры, дырэктар Аляксандр Вербінаў адзначыў, што ў іх сельгаставарыстве працуюць не проста адказныя людзі, якія прысвяцілі земляробскай справе не адзін дзясятак гадоў, гэта без перабольшвання, касцяк, на якім тут трымаецца ўсё раслінаводства. І такая кадравая стабільнасць ідзе толькі на карысць агульнай сельскагаспадарчай справе. Любое даручанае заданне механізатарамі выконваецца адказна і добрасумленна. У той жа час, адзначыў Аляксандр Вербінаў, і моладзь, якая звязвае сваё жыццё з механізатарскай справай, пераймае вопыт старэйшых калег, імкнецца не адставаць, і радуе, што ў многіх гэта атрымліваецца, расце дастойная змена.
На рахунку аднаго з самых вопытных дабаснянскіх земляробаў Міхаіла Галомзіка больш за 20 пасяўных кампаній. Справу сваю ён не проста любіць, ён ёю жыве. Інакш чым можна растлумачыць, што механізатар, нягледзячы на магчымасць жыць і працаваць у горадзе, абраў для сябе нялёгкую хлебаробскую справу. Сёлета, як і заўсёды, адказна паставіўся да рамонту і падрыхтоўкі замацаванага за ім трактара “Atles” і пасяўнога агрэгата “Rabe” і без прастояў вядзе сяўбу.
Міхаіл Галомзік — мясцовы. Бацькі ўсё сваё жыццё прысвяцілі сельскагаспадарчай галіне: маці працавала ветурачом, бацька — інжынерам. Хлопец быў для іх памочнікам у любой справе. Пасля школы Міхаіл атрымаў спецыяльнасць электрыка ў мінскім вучылішчы. Два гады працаваў на адным са сталічных заводаў, але вельмі цягнула яго дадому, да родных мясцін. Адслужыўшы ў арміі, вярнуўся на сваю малую радзіму, уладкаваўся на працу ў калгас, і з таго часу шчыруе на зямлі.
Па словах Міхаіла Віктаравіча, калі чалавек знайшоў сабе справу, якая прыносіць задавальненне, яна ніколі не будзе здавацца складанай і цяжкай. Яшчэ большы стымул да плённай працы, упэўнены механізатар, калі ёсць разуменне і падтрымка з боку кіраўніцтва. Менавіта такія адносіны ў працаўнікоў сельгаставарыства з яго дырэктарам. Па некалькі разоў у дзень ён наведваецца на палеткі, дзе вядуцца работы, і не таму, што не давярае сваім спецыялістам, проста прывык усё трымаць пад асабістым кантролем.
Канстанцін Бязумаў
Штодня Міхаіл Галомзік засявае каля 50 га плошчаў, пры тым, што план механізатару ўстаноўлены ў 22 га. І не столькі гэта дзеля высокіх заробкаў, адзначае трактарыст, хаця і, несумненна, матэрыяльны стымул важны, колькі жаданне не падвесці кіраўніцтва, правесці сяўбу ў аптымальныя тэрміны, каб у будучым разлічваць на важкі ўраджай. Паклапаціліся і аб насенным матэрыяле: закупілі эліту збожжавых, днямі чакаюць элітнае насенне люцэрны.
Не менш важная справа — падрыхтоўка глебы. Палі сельгаспрадпрыемства паўсюль роўныя, без камянёў, а глеба — нібыта пуховая коўдра. Як адзначыў Аляксандр Вербінаў, заслуга ў гэтым Сяргея Сямёнава, які заняты на ворыве, і Алега Сосава, ён рыхтуе глебу для сяўбы.
Паралельна дабаснянцы вядуць вывазку і ўнясенне арганікі на палеткі, дзе размесціцца кукуруза. Сёлета тут значна плануюць павялічыць плошчы пад “царыцу палёў”: спадзяюцца на важкія намалоты і зялёную масу, таму імкнуцца максімальна захаваць тэхналогію вырошчвання гэтай сельгаскультуры. Дапаможа своечасова справіцца з сяўбой і набыты сёлета агрэгат для сяўбы кукурузы і цукровых буракоў. Увогуле, у планах кіраўніцтва сельгаставарыства актыўна папрацаваць над абнаўленнем трактарнага парку.
Кіраўніцтва “Дабаснянскага” стараецца матэрыяльна зацікавіць механізатараў, а таксама стварыць для іх належныя ўмовы працы і адпачынку. Усе ўдзельнікі сяўбы забяспечаны гарачымі абедамі, спецвопраткай і сродкамі аховы працы.
Наперадзе ў спецыялістаў і земляробаў яшчэ шмат работ, але ёсць усе падставы спадзявацца, што пастаўленыя задачы яны выканаюць.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.