Веснавыя кірмашы ў сталічным регіёне пачаліся з канца сакавіка. На Нясвіжчыне ж першы прайшоў у пачатку красавіка. І, трэба адзначыць, попыт наведвальнікаў з кожным веснавым днём набірае абароты. Гандлёвыя рады задавальняюць пакупнікоў у самых розных куточках Нясвіжчыны. Міжрэгіянальныя кірмашы на Міншчыне — традыцыйныя. Напрыклад, заўтра, 13 красавіка, яны адбудуцца ў Вілейцы, Салігорску і Жодзіна, 20-га — у Барысаве, 4 мая — у Маладзечне.
У нядзелю, 14 красавіка, на гарадскім рынку Нясвіжа адбудзецца міжрэгіянальны кірмаш, куды звычайна накіроўваюцца гандляваць не толькі нашы, але і прадпрыемствы, і майстры з суседніх раёнаў.
У нядзелю, 7 красавіка, пашыраны асартымент тавараў быў на гарадскім рынку, дзе прайшоў чарговы раённы кірмаш.
Як заўсёды, карысталася попытам прадукцыя СВК “Агракамбінат Сноў”. Аўтамагазін сельгаспрадпрыемства спажыўцу прадаставіў паўфабрыкаты, кансервы, каўбасныя і мясныя вырабы — усяго больш за пяцьдзясят найменняў.
Прадавец прамысловага магазіна Нясвіжскага райспажыўтаварыства Эла Каўганава прапаноўвала трыкатажныя вырабы беларускіх вытворцаў. З 1 красаві-ка тут дзейнічае 30-працэнтная зніжка на жаночы і мужчынскі асартымент.
Ля аўталаўкі Нясвіжскай сортавыпрабавальнай станцыі з задавальненнем набывалі прыгожыя (па водгуках пакупнікоў), смачныя яблыкі па 1 рублю і па 50 капеек — (нестандарт). Карысталася попытам бульба. Каштавала яна 40 капеек за 1 кг. Бралі сеткамі — на насенны матэрыял і іншыя патрэбы. Садаводы-аматары цікавіліся саджанцамі. На гэты раз куст парэчкі чорнай каштаваў 3 рублі, маладыя дрэўцы яблыні — 8 рублёў, вішні, чарэшні і слівы — па 10.
ААТ “Альба” прапанавала сваю прадукцыю. Кошт наступны: карп элітны — 5,49 рубля; сярэдні — 4,65; карась — 3,70; белы амур — 5,55.
Яйка курынае адной з птушкафабрык суседняга раёна можна было набыць па 1,55 рубля і 1,75. Шырокі выбар саджанцаў прапаноўвалі гаспадары з вёскі Мацылёўшчына. Акрамя класічных яблынь і груш, тут несвіжане і госці кірмашу набывалі абрыкос і персік, агрэст і парэчку.
Таваравед М.Б. Вяршэня і прадавец Ж.І. Платун з УП “Магазін № 10” гандлявалі ў гэты дзень таварамі, патрэбнымі кожнаму клапатліваму гаспадару — фарбаю для дрэў розных вытворцаў, садовым інвентаром, насеннем, шматлікімі падкормкамі для раслін. Была тут і сетка для агароджы, грунт для раслін і шмат чаго іншага.
Прадпрымальнікі з Баранавіч гандлявалі ў Нясвіжы мотаблокамі, прычэпамі да іх — беларускай і кітайскай вытворчасці, зернедрабілкамі, саджалкамі, плугамі. Былі і акучвальнікі, мотакосы розных мадыфікацый, шматлікія запчасткі.
На кірмашы ў Нясвіжы адчувалася, што прадавец стараецца задаволіць попыт пакупніка, дае яму слушныя парады і рэкамендацыі. Таму і на рынку часта можна было пачуць дыялог пра тое, як пасадзіць тую ці іншую кветку або дрэўца, чым апрацоўваць саджанец ад шкоднікаў і, вядома, як хутка ён пачне пладаносіць.
Нясвіжскі кірмаш у нядзелю нагадваў вялікі муравейнік, дзе кожны са спажыўцоў спяшаўся з пакупкай, каб абнавіць свой сад, упрыгожыць клумбу, пасеяць расаду, а пасля — парадаваць родных рыбай з нясвіжскіх азёр або яблычкам, якое пасля правільнага захоў-вання не згубіла свайго смаку.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.