Ушачане потрудились на первом районном субботнике
Шостага красавіка прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў разам садзілі дрэвы, добраўпарадкоўвалі населеныя пункты, наводзілі парадак ля помнікаў, у месцах баявой і воінскай славы, ля пахаванняў загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. На Ушаччыне традыцыйна масава прайшоў першы ў гэтым годзе раённы суботнік.
Кіпела работа ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва- Ушачы”. Тут супрацоўнікі райаддзела міліцыі, актывісты раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” закладвалі алею. Годную дапамогу дарослым аказвалі дзеці – шпарка падкідвалі зямельку ў лункі, палівалі дрэўцы, падвязвалі іх. Трэба адзначыць, што гэтая тэрыторыя ў мікрараёне вуліцы Віцебскай доўгі час пуставала. Цяпер жа 50 маладых рабінак, бярозак, ліп, якія выдзеліў на гэтыя мэты лясгас, упрыгожаць наваколле.
Мемарыяльны комплекс “Прарыў” – традыцыйнае месца правядзення суботнікаў. Напярэдадні ж сёлетніх юбілейных дат сюды выйшлі адразу некалькі дзясяткаў работнікаў розных сфер – райвыканкама, культуры, упраўлення па працы, занятасці і сацабароне – прыбіралі тэрыторыю, знішчалі хмызнякі і апалае лісце, зачышчалі пад будучую афарбоўку экспанаты выставы ваеннай тэхнікі.
– Працаваць тут – адно задавальненне, – гаворыць работніца раённай дзіцячай бібліятэкі Святлана Ігнатовіч. – На “Прарыве” пахаваны мой дзядзька па матчынай лініі Канстанцін Ананьевіч Грудзецкі. У гады Вялікай Айчыннай яго бацькам прыслалі пахавальную, у якой значылася, што іх сын загінуў у партызанах. І толькі ў 90-я гады сястра праз архіў даведалася, дзе ён пахаваны. Цяпер для ўсёй нашай сям’і “Прарыў” – асаблівае месца. І штосьці зрабіць тут – справа сумлення!
Яшчэ адным стратэгічным аб’ектам суботніка стала тэрыторыя былой Плінскай школы. Здаецца, увесь аддзел па адукацыі райвыканкама на чале з яго кіраўніком Н.Стрыжонак выйшаў з граблямі, іншым інвентаром на ўборку апалай лістоты, смецця, падрыхтоўку пад афарбоўку агароджы.
– Усе, хто ў маі захоча наведаць мемарыял, паедзе ля гэтай школы, – падзялілася з намі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Л.Шкаруба. – А таму трэба паклапаціцца аб прыгожым “твары” ўстановы. Бо з гэтага ў многім складзецца агульнае ўражанне гасцей пра наш край.
Працавалі ў гэты дзень педагогі і ў дзіцячым лагеры “Турасполле”. Лета не за гарамі – трэба ўсё падрыхтаваць для належнага адпачынку і аздараўлення школьнікаў. Прадстаўнічы “дэсант” высадзіўся і ля Ушацкай школы – работнікі альма-матар займаліся ўстаноўкай агароджы.
– Каб не бачыць на прышкольнай тэрыторыі пабочных асоб, уваход на пляцоўку з боку будучай школы мастацтваў закрыем, – патлумачыў дырэктар В.Клімашэўскі. – Дзеці ж, іх бацькі змогуць трапіць сюды праз цэнтральны ўваход і спакойна правесці час.
Як заўсёды, вялікі фронт работы ўзялі на сябе камунгасаўцы: прыбіралі вуліцы гарпасёлка і пойму ракі Ушача, фарбавалі дрэвы ў скверах, разам з супрацоўнікамі райспажыўтаварыства, рэдакцыі, фінансавага аддзела і цэнтральнай раённай бальніцы займаліся добраўпарадкаваннем гарадскіх могілак. Актыўна вялася работа і ўздоўж аўтамабільных дарог. Тут звінелі бензапілы работнікаў ДРБУ-105 і ДЭУ-37, якія займаліся ўборкай аварыйных дрэў. А з кустоўем на тэрыторыі сельсаветаў вялі барацьбу лясгасаўцы.
Прадстаўнікі вытворчых прадпрыемстваў і арганізацый у рамках суботніка працавалі на рабочых месцах, займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторый. Масавыя суботнікі арганізавалі ў гэты дзень старшыні сельвыканкамаў і старэйшыны некаторых вёсак. Аднак яшчэ нямала месцаў, якія па-ранейшаму чакаюць клапатлівых рук і псуюць агульны выгляд ушацкай зямлі. Адной працоўнай акцыі недастаткова, а таму работы па навядзенні парадку будуць працягвацца.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.