У Берасьці пасьля акцыі супраць акумулятарнага заводу затрыманы актывіст Бекалюк
Адзін з актывістаў ініцыятыўнай групы берасьцейцаў, якія змагаюцца супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, Дзьмітрый Бекалюк пасьля абеду 7 красавіка пайшоў у РАУС па пазове, а пазьней паведаміў, што затрыманы.
Пра гэта паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк, які пакуль ня мае інфармацыі за што затрымалі Бекалюка, але ня выключае, што і за сёньняшнюю акцыю. Верагодна, 8 красавіка Дзьмітрыя Бекалюка будуць судзіць, мяркуе праваабаронца.
Дзьмітрыя Бекалюка выклікалі ў пастарунак у якасьці сьведкі па справе яшчэ адной актывісткі, Тацьцяны Фесікавай, якую вінавацяць у раздачы жоўтых балёнікаў на плошчы Берасьця 31 сакавіка.
Сама акцыя праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Беларусі 7 красавіка прайшла бяз затрыманьняў, больш за 300 чалавек прайшлі шэсьцем у цэнтры Берасьця.
На мінулым тыдні ў Берасьці быў затрыманы адзін з актывістаў ініцыятыўнай групы Майсей Мазько, у аўтамабілі якога міліцыянты знайшлі патроны і рэчыва, падобнае да выбухоўкі. На яго завялі крымінальную справу.
У ноч на 6 красавіка Майсея Мазько вызвалілі, хаця крымінальную справу ня спынілі. Затрыманы таксама ягоны сын Дзяніс.
5 красавіка міліцыянты спрабавалі затрымаць яшчэ адну праціўніцу акумулятарнага заводу Тацьцяну Фесікаву. Дзясяткі людзей тады сабраліся каля яе дому. У выніку Тацяна трапіла ў лякарню, а не ў пастарунак.