Паклікала вясна ў поле хлебаробаў
Сёлета вясна значна раней пусціла хлебаробаў у поле. У мінулым годзе ранняю сяўбу стрымлівала пераўвільготненасць глебы. На асобныя ўчасткі тэхніка не магла выйсці нават у сярэдзіне красавіка. А сёлета ворыўныя палеткі нібы самі пажадалі быць хутчэй засеянымі.
На палях зладжана працуюць пасяўныя агрэгаты. Ураджайнае зерне адно за другім трапляе ў шэраватую глебу. Сёлета, як ніколі, хутка вільгаць пакідае палеткі, і таму аграрыі крыху занепакоены адсутнасцю дажджу. Для таго, каб затрымаць вільгаць у глебе, праводзіцца культываванне.
Механізатар ВКУП “Саўгас Смаргонскі” Мечыслаў ЗІНКЕВІЧ
Як расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсяльгасупраўлення Сяргей Мядзвецкас, структура пасяўных плошчаў сёлета істотна не змянілася. Аграрыі добра папрацавалі ўвосень і да прыходу халадоў паспелі пасеяць больш за 9000 га азімых зерневых. Яравы клін па раёне складае 16705 га. Па дадзеным на 2 красавіка была засеяна трэцяя частка палеткаў.
На сёння стан азімых зерневых аграрыі ацэньваюць як здавальняючы. Магчыма, прыйдзецца дзе-нідзе перасеяць, але большая частка збожжавых выйшла з зімоўкі ў нядрэнным стане.
Акрамя сяўбы на палетках Смаргоншчыны працягваюцца падкормкі, а таксама ўносяцца ўгнаенні. У вясенне-палявых работах задзейнічаны і некаторыя гарадскія арганізацыі. Тэхнікай і працоўнай сілай яны дапамагаюць хлебаробам у гарачую пару.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.