Светло в семье и на работе «Ясна». Елена Федукович рада каждому клиенту «Белтелекома»

Источник материала:  
04.04.2019 — Разное

Гэтая абаяльная маладая жанчына працуе ва Ушацкім вузле электрасувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” вось ужо 10 гадоў. Пра тое, што ў арсенале спецыяліста па продажы паслуг нямала прафесійных дасягненняў, гавораць шматлікія граматы, Лісты падзякі, а таксама занясенне яе імя па выніках работы за 2017-ы на Дошку гонару Ушацкага раёна.

А.В.Федуковіч прызнаецца: прафесія ёй па душы. Яна з задавальненнем наладжвае зносіны з землякамі, імкнецца быць карыснай кожнаму, хто зайшоў у кабінет сэрвіснага цэнтра. Галоўнае – каб чалавек пакідаў вузел сувязі з добрым настроем, атрымаўшы патрэбную паслугу. Даступна, ветліва і кампетэнтна тлумачыць Алена Віктараўна і пра парадак замены нумара тэлефона, і пра падключэнне інтэрнэту ці пакета лічбавага інтэрактыўнага тэлебачання “Zala”. Працуе таксама з юрыдычнымі асобамі.Светло в семье и на работе «Ясна». Елена Федукович рада каждому клиенту «Белтелекома»

– Аб кожнай навінцы я і мая калега – нас усяго двое – тут жа інфармуем кліентаў, – расказвае А.В.Федуковіч. – Робіцца гэта падчас візітаў жыхароў Ушаччыны ў наш сэрвісны цэнтр і з дапамогай тэлефоннага маркетынгу, прасцей кажучы, абзвону патэнцыяльных абанентаў. Сярод найбольш распаўсюджаных “фішак” – пакет паслуг “Ясна”.

Хоць у свой час ураджэнка райцэнтра марыла зусім аб іншай прафесіі – пасля заканчэння Ушацкай школы планавала набыць спецыяльнасць “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” ў Полацкім дзяржуніверсітэце і ўжо прайшла неабходныя іспыты. Вось толькі ўзвальваць на плечы бацькоў аплату за навучанне не дазволіла сумленне. Таму вырашыла паспрабаваць сябе ў таксама не зусім дзявочай прафесіі тэхніка па эксплуатацыі сетак тэлекамунікацый, якую на бюджэтнай аснове набыла ў каледжы сувязі.

Прафесійную дзейнасць А.В.Федуковіч пачынала з пасады аператара ва ўшацкім салоне “Вэлком”. Аднак затрымалася там нядоўга: адсутнасць гарантаванага сацыяльнага пакета прымусіла адмовіцца ад “няпыльнага” месца на карысць больш надзейнаму раённаму вузлу электрасувязі. Амаль шэсць гадоў была дзяжурным электрамеханікам, па заяўках абанентаў займалася тэхнічнай праверкай электрычных ліній, дэмантажом абсталявання, адказвала за надзейную работу радыё – з паяльнікам, рознымі платамі і правадамі Алена практычна не расставалася.

– На пасаду спецыяліста па продажы я прыйшла ў 2016-м, ужо маючы за плячыма вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці маркетолаг-эканаміст, – расказвае А.В.Федуковіч. – Некаторы час была маркетолагам. Прызнаюся: працаваць з людзьмі складаней, чым з нежывой тэхнікай, але значна цікавей. У дзень даводзіцца заключаць з абанентамі каля 10-15 дагавораў на аказанне паслуг, настройваць абсталяванне, праводзіць замену няспраўнага. Да нашага новага графіку, на жаль, пакуль не ўсе прызвычаіліся (нагадаю: па панядзелках і чацвяргах з кліентамі мы працуем з 9.00 да 14.00, а па аўторках, серадах і пятніцах – з 13.00 да 18.00), таму часта даводзіцца працаваць “пазаўрочна”: не выставіш жа за дзверы бабулю, якая прыехала з далёкай вёскі, хаця і займаешся ў гэты час афармленнем важнай дакументацыі.

Паспявае А.В.Федуковіч праявіць сябе і ў грамадскай дзейнасці. На працягу вось ужо 9 гадоў з’яўляецца прафсаюзным лідарам арганізацыі, дбае пра аказанне матэрыяльнай дапамогі работнікам службы, у тым ліку былым, пра аздараўленне калег і іх сямей, арганізуе святочныя агеньчыкі.

На наша пытанне: “Ці не вабяць вялікія гарады?” маладая жанчына ўпэўнена сцвярджае, што ніколі і ў думках не было з’ехаць з родных Ушач.

Са сваім будучым мужам Дзмітрыем – інжынерам электрасувязі – гераіня нашага аповеду пазнаёмілася на рабочым месцы. Пара выхоўвае сына Арцём. У свае пяць гадоў хлопчык ужо на “ты” з мабільным тэлефонам, планшэтам, іншымі сучаснымі гаджэтамі. Магчыма, яшчэ адзін сувязіст расце.

У вольны час Алена займаецца кулінарыяй, нядаўна захапілася японскай кухняй – і па выхадных абавязкова радуе любімых мужчын сушы, роламі. Нямала ў Федуковічаў надзейных сяброў. Яны, а таксама родныя і блізкія, не раз мелі магчымасць ацаніць гасціннасць маладой сям’і, утульнасць кватэры, адрамантаванай пры непасрэдным удзеле тэхнічна падкаванай Алены.

Несумненна, наперадзе ў А.В.Федуковіч – новыя яркія падзеі і здзяйсненні. Зрэшты, і зараз у яе жыцці шмат кахання, святла, радасці. А на рабоце – “Ясна”…

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

←В Светлогорском районе мужчина случайно подпалил дачу соседа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика