У Мінску шукаюць мужчыну, які напаў з нажом на дзяўчыну чатыры гады таму
Фотаробат меркаванага нападніка / minsk.mvd.gov.by
Супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Маскоўскага РУУС Мінска шукаюць мужчыну па падазрэнні ў хуліганстве. Як удакладняе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама, мужчына схапіў за валасы дзяўчыну і спрабаваў ударыць нажом.
Паводле БЕЛТА, напад адбыўся яшчэ ў 2015 годзе, аднак нядаўна быў складзены новы фотаробат нападніка. Мужчына напаў на дзяўчыну каля другой гадзіны ночы на веладарожцы недалёка ад станцыі метро "Міхалова". Нападнік схапіў дзяўчыну за валасы і спрабаваў ударыць нажом. Тая адбілася ад яго торбай, на якой засталіся сляды крыві зламысніка.
Праваахоўнікі мяркуюць, што мужчына мае дачыненне не толькі да гэтага злачынства.
Ягоныя прыкметы: на выгляд 50-60 гадоў, рост каля 170-175 см, сярэдняга целаскладу, валасы сівыя кароткія (прычоска "вожык").
Тых, хто пазнаў мужчыну альбо мае нейкую інфармацыю пра яго месцазнаходжанне, просяць звяртацца ў Маскоўскае РУУС Мінска асабіста (вуліца Грушаўская, 9) або па тэлефоне: 8 (029) 165-89-53, 8 (029) 256-33-69 або 102.