15 жыхароў нашага раёна 5 красавіка атрымаюць ганаровае званне “Чалавек года Шаркаўшчыны-2018”. У іх ліку — Дзмітрый Ясюкевіч

Источник материала:  
03.04.2019 — Разное

15 жыхароў нашага раёна 5 красавіка атрымаюць ганаровае званне “Чалавек года Шаркаўшчыны-2018”. У іх ліку — Дзмітрый Ясюкевіч— На любых участках работы дасягае высокіх паказчыкаў у асваенні, утрыманні і выкарыстанні тэхнікі, выконвае ўстаноўленыя нормы на механізаваных работах і працуе звыш плана, пры гэтым ніколі не было нараканняў на яго вытворчую і працоўную дысцыпліну, — такімі словамі ахарактарызаваў працу трактарыста-машыніста ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс” Дзмітрыя Дзмітрыевіча Ясюкевіча начальнік аддзялення “Наваселле” ААТ   Ігар Валер’евіч Бялевіч, які дадаў таксама, што Дзмітрый Ясюкевіч — адзін з лепшых механізатараў не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў Шаркаўшчынскім раёне. Гэта чалавек, якому смела можна даверыць любую тэхніку і любую справу.

Дзмітрый Дзмітрыевіч  Ясюкевіч родам з вёскі Галінова нашага раёна. Пра тое, што праца на зямлі ніколі не была лёгкай, ён ведае з самага дзяцінства і працы на полі ці на ферме ніколі не баяўся. І хоць наш невялікі аграрны раён зусім не багаты, працавітыя і неабыякавыя да свайго роднага краю людзі, безумоўна, змогуць забяспечыць яго дабрабыт, — упэўнены лаўрэат звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”.

Яшчэ зусім маладым хлопцам, пасля вучобы ў Глыбоцкім прафтэхвучылішчы і службы ў арміі, ён вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся працаваць механізатарам у невялікі і даволі моцны калгас імя Гагарына. Было гэта 23 гады назад. На сваім першым трактары МТЗ-82 адпрацаваў шмат гадоў: напачатку забяспечваў статкі буйной рагатай жывёлы пітной вадой, потым быў задзейнічаны амаль на ўсіх відах палявых работ у сваёй гаспадарцы.

У цяперашні час Дзмітрый працуе на трактары МТЗ-1221, за рулём якога праводзіць увесь перыяд пасяўной кампаніі і нарыхтоўкі кармоў. Ёсць у перадавога механізатара і яшчэ адзін “стары сябар” — камбайн КЗС-12. На ім Дзмітрый на вялікіх па плошчы палях “Шаркаўшчынскага агратэхсэрвіса” забяспечвае паспяховую ўборку зерневых культур.

Звычайны дзень вясковага механізатара пачынаецца з хатняй гаспадаркі, затым агляд тэхнікі — і ў поле, пакуль паліва ў баку не скончыцца або не сцямнее ўвечары. І так кожны дзень — і ў спёку, і ў халады.

10 год назад сям’я Дзмітрыя і Наталлі Ясюкевічаў атрымала ад гаспадаркі дом у аграгарадку Наваселле. З нядаўняй пары Наталля ўладкавалася на працу работнікам сталовай у адну з навучальных устаноў нашага раёна. Да гэтага часу, як і Дзмітрый, шмат гадоў адпрацавала ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Муж і жонка выхоўваюць дваіх дзяцей. Старэйшы сын Вячаслаў атрымлівае сярэднеспецыяльную адукацыю ў Лужаснянскім аграрным каледжы. Малодшая Вікторыя — вучаніца 4 класа Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1.

У цяперашні час у сваёй гаспадарцы Дзмітрый Ясюкевіч займаецца чызеляваннем. Адзін з лепшых механізатараў раёна ўпэўнены: ад таго, наколькі якасна падрыхтавана глеба,  напрамую залежыць і будучы ўраджай. А ўвогуле, для Дзмітрыя Дзмітрыевіча сельская гаспадарка не проста важнейшая частка аграпрамысловага комплексу, дзе ён працуе, а лад жыцця. Яго дзяды і бацькі працавалі на гэтай зямлі, і сам ён вось ужо амаль чвэрць стагоддзя свайго жыцця прысвяціў працы ў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна. І хоць яна ў апошнія гады перажывае далёка не лепшы свой перыяд як ніхто іншы асабліва востра гэта адчуваюць мясцовыя працаўнікі, Дзмітрый не імкнецца адшукаць для сябе больш лёгкага хлеба, бо праца на зямлі заўсёды была неад’емнай часткай яго жыцця. А сам мужчына ў ліку тых працаўнікоў, якія асабістымі поспехамі і штодзённай напружанай працай забяспечваюць дабрабыт усяго нашага Шаркаўшчынскага краю.

Тэкст Вольгі ЧАРНЯЎСКАЙ.

Фота Алены АНАНІЧ.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика