Да 75-годдзя вызвалення Беларусі
Амаль Br18 млн накіруюць у Беларусі з бюджэту на выплату аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яе атрымальнікамі стануць амаль 22 тыс. чалавек, паведамілі БелТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, каменціруючы ўказ №118 «Аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі», які 28 сакавіка падпісаў кіраўнік дзяржавы.
Матэрыяльная дапамога ў памеры Br2 тыс. будзе аказана Героям Савецкага Саюза, Br1,5 тыс. — інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, асобам, якія прымалі ўдзел у абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года, а таксама тым, хто прымаў удзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах.
Па Br800 выплацяць асобам, якія ўзнагароджаны ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады ВАВ; якія працавалі на аб’ектах проціпаветранай абароны, мясцовай проціпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб’ектаў у межах тылавых граніц дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгуначных і аўтамабільных дарог; членам экіпажаў суднаў транспартнага флоту, інтэрніраваных у пачатку ВАВ у партах іншых дзяржаў; якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада Ленінграда ў перыяд блакады з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года і ўзнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда», і асобам, якія ўзнагароджаны знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда».
Па Br650 атрымаюць грамадзяне, якія пацярпелі ад наступстваў вайны: члены сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі (памерлі), прапалі без вестак у гады вайны (жонка (муж), не заключылі новы шлюб, дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя) і іншыя ўтрыманцы, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па названых падставах у адпаведнасці з заканадаўствам); былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады вайны (у выпадку калі для гэтай катэгорыі ўстаноўлена павышэнне пенсіі па названай падставе ў адпаведнасці з заканадаўствам); інваліды з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, якія звязаны з баявымі дзеяннямі ў перыяд вайны або з наступствамі ваенных дзеянняў.
Пры наяўнасці права на аказанне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі па некалькіх падставах дапамога будзе аказана на падставе, якая прадугледжвае найбольшую выплату.
Выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі будзе праводзіцца па месцы пенсіянавання грамадзян у перыяд з 1 чэрвеня да 1 ліпеня 2019 года ў парадку, устаноўленым для выплаты пенсій.
Указ распрацаваны згодна з Планам падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў па святкаванні 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.