На "Нафтане" мантажнік сарваўся з 30-метровай вышыні
БЕЛТА
У Наваполацку пры мантажных работах загінуў 23-гадовы хлопец, паведамляе міліцыя Віцебскай вобласці.
Трагедыя здарылася 2 красавіка ў 15:15. Хлопец зваліўся з вышыні прыкладна 30 метраў. Ад атрыманых траўмаў ён памёр яшчэ да прыезду хуткай дапамогі.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група Наваполацкага ГАУС. Матэрыялы праверкі перададзеныя ў Следчы камітэт.
За апошнія гады на "Нафтане" было некалькі выпадкаў падзення з вышыні, піша сайт gorod214.by. 13 верасня 2017 года на тэрыторыі завода на жалезабетонную канструкцыю зваліўся работнік з Гродна. Мужчына выжыў.
У лютым 2015 года на адным з аб'ектаў, якія будуюцца, загінуў будаўнік з Брэста. Па факце гэтай трагедыі расследаванне праводзілася тройчы. Кіраўніцтва будтрэста адмаўлялася прызнаваць, што 25-гадовы электрагазазваршчык Максім Кавалеўскі загінуў не па сваёй віне.