Дзіцячы тэатральны калектыў “Раптам” (кіраўнік Г.В. Лысенка) Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў вярнуўся з замежнага тура, які доўжыўся з 29 па 31 сакавіка, куды, нагадаем, быў запрошаны арганізатарамі з Масквы ў час фестывалю творчасці, што праходзіў у Мінску.
Нясвіжскія дзеці прынялі ўдзел у Міжнародным шматжанравым фестывалі-конкурсе “Увеличительное стекло”, які прайшоў у Маскве, на адной з самых прэстыжных сцэн Астанкіна.
Аляксей Нікіцін, Сафія Кавалеўская, Злата Астаніна, Валерыя Рыдак, Ксенія Кухарчык, Дзіяна Селіванава, Мілана Калевіч, Паліна Валнухіна, Яна Вінель, Ганна Воранава — вось імёны нашых юных зорачак, якія напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі “заззялі” сваім талентам адразу на дзве краіны і прынеслі ў скарбонку Нясвіжчыны чарговую ўзнагароду — Кубак лаўрэата ІІ ступені і Дыплом V Міжнароднага фестывалю-конкурсу, які адбыўся ў сталіцы Расійскай Федэрацыі ў рамках Міжнароднага праекта творчага і асабістага развіцця дзяцей і моладзі “Дзеці ХХІ стагоддзя”.
Як прайшло падарожжа. Наколькі цікавым было знаёмства з членамі журы — заслужанай артысткай Расіі, актрысай тэатра і кіно, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР Аленай Мікалаеўнай Барзовай (той самай Ганнай Чарнушкай з фільма “Людзі на балоце”, знятым на кінастудыі “Беларусьфільм” па аднайменнаму раману класіка беларускай літаратуры Івана Мележа, які уваходзіць у “Палескую хроніку”). А таксама — наколькі важную падтрымку аказалі дзецям дарослыя і бацькі, што іх суправаджалі ў паездцы. Як па-добраму здзіўляла гаспадароў выхаванасць маленькіх беларусаў, іх ветлівасць і добразычлівасць.
Ну і, вядома, не абышлося без некаторых нечаканасцей і гумару. Напрыклад, як рэквізіт маленькіх беларусаў (а гэта, хто глядзеў пастаноўку, — звычайныя металічныя тазікі для лазні) выклікаў некаторыя пытанні ў ахоўнікаў у месцы праходжання прапускной сістэмы службы бяспекі.
Ды і як тут было абысціся без гумару?! Дзеці ж везлі для прадстаўлення творчы багаж чалавека, які любіў жыццё, любіў саміх дзяцей, любіў і заўсёды разумеў гумар…
Падрабязнасці паездкі, а таксама пра ўражанні, якія пакінуў маскоўскі конкурс — аб гэтым несвіжане падзеляцца пазней на старонках раённай газеты.
Нагадаем, што Нясвіжскія школьнікі падарылі на фестывалі гледачу сваю музычна-літаратурную кампазіцыю “Голасам свайго пакалення”, падрыхтаваную па творах Паўлюка Пранузы.
На здымках: у час паездкі ў Маскву.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.