З дывiзiёнамi Уршулi, Рагнеды, Саламеi… У Беларусі дадзены старт дзявочай футбольнай лізе U-13
У Беларусі дадзены старт дзявочай футбольнай лізе U-13, паведамляе прэсс-служба АБФФ.
На тэрыторыі культурнай прасторы «ОК16» адбылася прэзентацыя унікальнага для Беларусі спартыўнага праекту. Упершыню на тэрыторыі краіны пачынае дзейнасць футбольная ліга для паненак, узрост якіх не перавышае 13 год.
Каранямі ідэя зыходзіць у 2017 год, калі FIFA звярнулася да АБФФ з ініцыятывай аб аказанні дапамогі ў развіцці жаночага футбола ў краіне. Бо ў Беларусі на той час існавалі толькі нацыянальнае і моладзевае першынства. Спаборніцтвы ж для маленькіх футбалістак праводзіліся нерэгулярна і не ў буйной колькасці. Пасля дыскусій спецыялісты прыйшлі да ідэі стварэння рэспубліканскага турніра па футболе сярод дзяўчынак у катэгорыі U-13.
У дэбютным сезоне ў «Футбольнай лізе дзяўчат» згуляе 60 калектываў з усёй Беларусі. Прычым удзел у спаборніцтвах прымуць не толькі каманды ад ДзЮСШ ці іншых спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, але і прадстаўніцы звычайных агульнаадукацыйных школ ці фізкультурна-спартыўных клубаў пры выканкамах.
— Гэта ўнікальны праект, які па усёй Беларусі адкрые для дзяўчат, не старэйшых за 13 год, цудоўны свет футбола. Гульня нумар адзін прыўкрасная не толькі тым, што багатая на эмоцыі і простая ў разуменні. Яна знішчае бар’еры паміж людзьмі: сацыяльныя, палітычныя і, што асабліва важна ў сучасных рэаліях, гендэрныя. Мы прыкладаем шмат намаганняў, каб ператварыць жаночы футбол у масавы від спорту. І з дапамогай «Футбольнай лігі дзяўчат» робім істотны крок у кірунку да мэты, — адзначыў намеснік старшыні АБФФ Міхаіл Вяргеенка.
Каманды падзеленыя на восем зон па тэрытарыяльным прынцыпе. Пры падзеле ўлічвалася два фактары: каб у кожнай групе была прыблізна аднолькавая колькасць калектываў і каб усе яны знаходзіліся на зручнай адлегласці адзін ад аднаго. Сістэма наступная: каманды ў красавіку-траўні з’язджаюцца ў адно месца і гуляюць між сабой па двухкругавой сістэме. Пераможцы васьмі рэгіянальных зон выходзяць на рэспубліканскі этап і ў пачатку чэрвеня прыязджаюць у Мінск, дзе ў матчах па алімпійскай сістэме вызначаць лепшую каманду краіны.
Асобна трэба адзначыць тэхнічную і фінансавую дапамогу FIFA. Адбыліся адмысловыя трэнерскія курсы для спецыялістаў, якія працуюць з удзельніцамі новай лігі - цягам пяці дзён эксперты міжнароднай федэрацыі павышалі кваліфікацыю трэнераў. Таксама ўсе без выключэння каманды атрымалі па дваццаць мячоў і столькі ж камплектаў гульнявой формы «Adidas»: майка, шорты, гетры, буцы і шчыткі. Такому падарунку па-добраму пазайздросцяць шмат якія прафесійныя клубы.
Ліга атрымала хэштэг #WOOOOW — слоган, які не толькі тлумачыць матывацыю дзеянняў, але і яднае ўсе дывізіены, адлюстроўвае асноўную эмоцыю ад гульні. Акрамя таго, за кожнай тэрытарыяльнай зонай будзе замацаваны спартыўны апякун — футбалістка нацыянальнай зборнай. Прафесійныя спартсменкі будуць падтрымліваць дзяўчынак, запісваць відэазвароты і, галоўнае, нагадваць ім, што самае першаснае ў футболе — атрыманне асалоды.
«Футбольная ліга дзяўчат» атрымала і медыяпаслоў - жанчын з розных галін дзейнасці, якія дабіліся поспехаў у Беларусі. У кожнай з амбасадорак будзе свая зона адказнасці.
Напрыклад, Таццяна Лавец, адна з лепшых трэнераў па фізпадрыхтоўцы ў краіне, распавядзе дзяўчынкам пра важнасць падрыхтоўкі да гульняў і навучыць правільнай размінцы.
Вядучая Ганна Эйсмант раскажа пра ўзаемадзеянне са СМІ, чаму неабходна з павагай ставіцца да журналістаў і як належыць даваць інтэрв'ю.
Вядомая беларускамоўная журналістка Адар’я Гуштын зверне ўвагу паненак на велізарнае значэнне беларускай мовы, культуры і гісторыі.
— Калі б у маім дзяцінстве існавала падобная ліга — з выбітным наборам экіпіроўкі, рэгулярным раскладам гулень ды такім клопатам пра футбольны побыт ды культуру дзяўчат, напэўна гуляла б у футбол, а не абрала танцы для заняткаў у вольны час. Шчаслівая, што падобны праект у нашай краіне не проста з’явіўся, а адразу атрымаў глабальны характар, — кажа Ганна Эйсмант, тэлевядучая, медыяпасол турніру.
— Цалкам падтрымліваю ідэю стварэння лігі. Гэты турнір дае шанец дзяўчынкам убачыць сябе з боку, убачыць сваіх суперніц, убачыць сэнс футбола. Акрамя саміх спаборніцтваў, гэта зносіны і перадача вопыту не толькі дзяўчынак, але і маладых трэнераў. Можа быць, менавіта з гэтай лігі пачнецца развіццё і папулярызацыя трэнерства ў жаночым футболе. Гэты турнір можа даць глыток свежага паветра жаночаму футболу нашай краіны, — адзначае Вольга Цярэшка, футбольны рэферы, адна з медыяпаслоў турніру.
Важна падкрэсліць, што ліга будзе адукацыйна-арыентаванай. Кожны дывізіён будзе названы ў гонар выбітнай беларускі: — Уршулі Радзівіл, Саламеі, Рагнеды і гэтак далей.
— Імкнемся падкрэсліць, што беларускі футбол — павага да беларускай гісторыі, культуры, традыцый і досведу. Кожны дывізіён названы ў гонар вядомай беларускі, каб у працэсе футбольных спаборніцтваў мы маглі распавядаць пра гісторыю рэгіёну, краіны, а таксама пра тое, што важна беражліва ставіцца да тых набыткаў і гістарычнага скарбу, якім валодае Беларусь, — адзначае Юры Садоўскі, кіраўнік дэпартаменту маркетынгу і камунікацый АБФФ.