Не шкадавалі ворагі нікога (пра трагедыю вёскі Кушталі)

Источник материала:  
03.04.2019 — Разное

Не шкадавалі ворагі нікога (пра трагедыю вёскі Кушталі)На старонках раённай газеты “Кліч Радзімы” за ліпень 1969 года быў змешчаны артыкул пад назвай “Другое нараджэнне Кушталёў”. У ім расказваецца пра трагедыю, якая адбылася ў вёсцы ў 1942 годзе, калі населены пункт быў спалены разам з жыхарамі нямецкімі карнікамі. Карэспандэнты Віталій Мацук і Веніямін Шынкевіч расказваюць пра дзень сённяшні Кушталёў, якія, нягледзячы на жахі ваеннага ліхалецця, паўсталі з руін, адбудаваліся і атрымалі другое жыццё. Жыхар вёскі Рыгор Васільевіч Касцюкевіч падзяліўся з карэспандэнтамі ўспамінамі аб той карнай аперацыі 1942 года, сведкам якой ён быў сам. Вось што ён паведамляў нашым калегам у 1969 годзе.

“Усё адбылося на маіх вачах. Я — адзін з нямногіх, каму ўдалося выжыць.

…Быў панядзелак. На двары стаяла глухая восень 1942 года. У ціхіх завадзях Янкі рабяты ўжо спрабавалі коўзацца па тонкім лёдзе. І раптам з боку балота выехалі ў белых масхалатах немцы. Зайшоў немец і да нас. Стаўшы ў дзвярах, сказаў: “Кто ест Грыгорый Костюкевич?”. Дзецца мне некуды тут, выйшаў. Павёў ён мяне, як сказаў, на сходку, у хату аднавяскоўца Сцёпкі Лонскага. З усёй вёскі мужчын 25 сабралі. У двары паставілі станкавы кулямёт. Аб чымсьці пагаварыўшы, сказалі выходзіць па аднаму. Першага растралялі, другога таксама. Потым сказалі выйсці яшчэ шасці чалавекам. Тое ж чакала і іх. Мы, бачачы такое, закрылі дзверы знутры, хтосьці выбіў качалкай вокны. “Усё роўна паміраць” — рашылі. Пачалі кідаць у немцаў шкляныя рэчы, наогул, хто што знойдзе ў хаце. Фашысты, зразумеўшы, што так нас больш не ўзяць, кінулі ў акно гранату. Тут нам крыху пашанцавала: паспелі выкінуць яе ў двор. Тады немцы падпалілі хату.

Выратавалі нас клубы дыму. Праз акно я выскачаў і паспеў дабегчы да студні, што была непадалёк. Адкрыў крышку і — у студню. Вады было па грудзі. Падцягнуўшыся, закрыў крышку зноў. Так і прасядзеў у ёй, пакуль не сцямнела. З 25 чалавек удалося выратавацца яшчэ Анатолю Шульгу, Васілю Кадушку, Сашку Бабчонку. Я ж тады падаўся ў партызаны. Жонка з дзецьмі, як толькі мяне забралі немцы, паспелі ўцячы з вёскі.

Фашысты не пашкадавалі ні дзяцей, ні старых. Крык быў чутны за некалькі кіламетраў. Потым ужо сваіх родных пазнавалі па рэштках адзення, абутку. Той страшны дзень карнікі закончылі тым, што пакінулі пасля сябе ад вёскі толькі чорныя коміны. Ні адна хата не ўцалела з 36. Нават дрэвы не змагла выратаваць сваімі сокамі зямля-карміцелька, пасохлі яны. Кучы разбітай цэглы, вуголле, крапіва, лебяда і яшчэ гора, вялікае людское гора засталіся на месцы былой вёскі.

Першай выкапала зямлянку Вольга Лонская. Потым Кадушка лазню дзесьці купіў. Мы з лесу ракой па бервяну з жонкай сплаўлялі. Ледзь сталі на ногі. Таго, хто ўцалеў, пацягнула зноў на радзіму. Рашылі ўсё-такі адбудаваць вёску. “Хай будзе, — гаварылі, — памяць”. Бо няма ў нас у вёсцы цяпер такой сям’і, чые б родныя не загінулі ў той дзень. У імя тых 244-х зажыва спаленых мы пабудавалі новыя Кушталі”.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика