Месячнік па навядзенні парадку на зямлі набывае ў раёне размах. Напрыклад, работнікі УП “Нясвіжская ЖКГ” пафарбавалі кантэйнеры для збору цвёрдых бытавых адходаў на кантэйнерных пляцоўках і лаўкі ў скверы ля гарадскога фантана. Затым узяліся за пабелку дрэў на вуліцах Ленінскай і Шымко. Пафарбавалі лаўкі ў іншых месцах адпачынку і турнікеты на вуліцах.
Папрыгажэлі дрэвы і на тых участках, якія замацаваны за КУП па аказанні паслуг “Нясвіжскі зелянбуд”. У панядзелак, апоўдні, назірала за пабелкай у скверы каля ратушы, а пасля абеду рабочыя працавалі ўжо каля раддома на вуліцы Слуцкай. На днях пачнуць абкопванне прыствольных кругоў, каб пасеяць там аксаміткі.
Наводзяць парадак і вяскоўцы. Так, работнікі канторы ААТ “Сейлавічы” працавалі каля МТФ № 3 і МТФ № 4, што ў аграгарадку Сейлавічы. Адрамантавалі агароджу, выкананую з металічнай сеткі, зграблі і вывезлі лісце, рэшткі саломы і галінкі дрэў, што прыгнала ветрам. Унутры памяшканняў уборкай займаліся жывёлаводы. Механізатары і работнікі майстэрняў пастараліся на сваёй вытворчай тэрыторыі. Пабялілі дрэвы, бардзюры, прыбралі смецце.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.