Щедрый коллективный договор, или Зачем частникам профсоюз?

Источник материала:  
02.04.2019 — Разное

Хоць павестка справаздачна-выбарчага сходу прафсаюзнай арганізацыі ТАА “Лес” абяцала звычайнае, можна нават сказаць, сухое мерапрыемства, яно “не апраўдала спадзяванняў”: аказалася цікавым і змястоўным. І не толькі таму, што старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка падрыхтавала для арганізацыі сюрпрыз – запрасіла работнікаў раённага Дома культуры, якія непасрэдна ў цэху парадавалі невялікім канцэртам. Самае галоўнае, адкрыўся сяброўскі мікраклімат прадпрыемства, пра якое асабіста я ведала выключна па вытворчасці.

Пра тое, што дачка Наталлі Сцежкінай прыме ўдзел у спаборніцтвах на Кіпры, яе калегі даведаліся з газеты “Патрыёт”. Старшыня прафкама Ларыса Сцяпанаўна Смаляк сама маці і добра ўяўляла, як няпроста сям’і, тым больш мнагадзетнай, сабраць дзіця ў дарогу. І звярнулася да дырэктара прадпрыемства І.М.Андрэева. Ігар Міхайлавіч прапанову падтрымаў: жанчыне выдзелілі матэрыяльную дапамогу і ад арганізацыі, і ад прафкама. Щедрый коллективный договор, или Зачем частникам профсоюз?

Выступаючы, Л.С.Смаляк прыгадала гэты факт адным словам, ну а многія іншыя наогул схаваліся за фразай “за справаздачны перыяд з 2014 па 2019 гады выплачана дапамогі на суму 4335 рублёў”. Толькі прысутным 22 членам прафсаюза, з 30 (а гэта, дарэчы, увесь штат), не патрэбна расшыфроўка. Кожны прыгадваў сваё. Вадзіцель Сяргей Селівёнак – як калегі віншавалі яго з юбілеем важкім падарункам. Наталля Сцежкіна – што дзеці бясплатна адпачывалі ў “Турасполлі”, Сяргей Жмайловіч – як у 2015-м святкавалі 25-годдзе арганізацыі, запрасіўшы на ўрачыстасць спявака Дзмітрыя Смольскага. А адзін з самых старэйшых работнікаў “журавіннага” цэха Алена Ярмош у думках падзякавала за штомесячную даплату ў памеры 20 працэнтаў да тарыфнай стаўкі. Гэта максімальны памер, які з кожным годам павялічваўся на 2 пункты і павышаў зарплату толькі за вернасць калектыву. І мэта дасягнута: 9 чалавек працуе тут 21 год і болей, 11 – больш дзевяці. З гэтай арганізацыі не звальняюцца, калі толькі на пенсію хто пойдзе, як, напрыклад, Васіль Іванавіч Аўдошка. Тады таксама прадугледжана выплата – у залежнасці ад стажу. А шэсць пенсіянераў арганізацыі атрымліваюць падарункі да прафесійнага свята і Дня пажылых людзей, ім выпісвалі перыядычныя выданні.

Зразумела, што за прафсаюзныя 1-працэнтныя адлічэнні не пашыкуеш, многае ажыццяўляецца дзякуючы шчодрасці калектыўнага дагавору, паколькі прадпрыемства не дзяржаўнае – то лічы што яго дырэктара, які пагаджаецца пускаць частку прыбытку на заахвочванне людзей. І таксама выйграе. У ТАА “Лес” няма нявыхадаў на работу без уважлівых прычын, халтуры ці зрываў, якія б адбіваліся на вытворчым працэсе. А ўсемагчымыя даплаты не ўцяжарваюць кошт прадукцыі – яна на прадпрыемстве танней, чым у канкурэнтаў з такім жа профілем. Аказваецца, даплачваючы, не губляюць, а набываюць: не трэба вучыць новыя кадры, клапаціцца пра надзейнасць, і нават часовая страта працаздольнасці штогод зніжаецца. Прыватнік выдатна ведае, як нявыгадна аплачваць бальнічны і шукаць падмену, таму і пра камфортныя ўмовы працы тут пастаянна думаюць: каб у цэху дрэваапрацоўкі не было скразнякоў, а ў журавінным скарачалася ручная праца. Нядаўна закупорваючую машынку набылі, тады як раней слоікі з прыпасам закрывалі ўручную, а пры пераходзе на паўлітровую тару гэта вельмі адчувальна.

Гэты сход на прадпрыемстве будуць лічыць гістарычным, бо адбылася практычна поўная змена кіруючага саставу прафкама. Як і той, 25 год назад, калі стваралася прафсаюзная арганізацыя. 1994-ы: неразбярыха, дэфіцыт усяго, а прафсаюзны лідар абласной “Садружнасці”, якая аб’ядноўвала пад сваім крылом выключна прыватнікаў, прапанаваў стварыць пярвічку. Ведаў, што грошай няма, таму і ўстанавілі мінімальныя, 0,2-працэнтныя адлічэнні ў вобласць. А сам рэальна дапамагаў: і кран дастаць, і на патрэбных калег выйсці. “Цудоўны чалавек быў, аб’яднаў тады і дробных гандляроў, і вытворцаў, абараняў, не баяўся стукацца ў многія дзверы. Вельмі шмат залежыць ад чалавека”, – прыгадвае Ларыса Сцяпанаўна, а яе калегі дадаюць, што дзякуючы непасрэдна ёй згуртавалася іх арганізацыя. І дзесяць разоў падыдзе, каб разварушыць цяжкіх на пад’ём калег. А потым усе дзякуюць за выдатны адпачынак.

Л.С.Смаляк заставалася нязменным прафсаюзным лідарам 25 год запар, зараз яе замяніла маладзейшая калега – начальнік цэха перапрацоўкі дароў лесу і сельгаспрадукцыі Людміла Аўдошка. А ўбачыўшы, з якой сур’ёзнасцю ноўабраны старшыня прафкама распытвае папярэдняга пра тое, хто размяркоўвае дапамогі, як часта праходзяць сходы ў раёне, ці многа папяровых спраў, ужо Ігар Міхайлавіч Андрэеў у сваю чаргу занепакоіўся – ці не давядзецца начальніку цэха намесніка шукаць, калі да спраў прафсаюзных падыдуць з яшчэ большай ініцыятывай.

Вольга Караленка.

←В Пинске пассажиры пытались «отбить» у ГАИ пьяного водителя из России

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика