Течёт с дерева витаминный коктейль. Ушачский лесхоз активно ведёт заготовку берёзового сока
Пётр Пятровіч Качан (на здымку) робіць акуратны надрэз на дрэве, прымацоўвае латок і хуценька прывязвае поліэтыленавы мяшок, у які адразу пачынае струменіць бярозавы сок. Спачатку ён льецца хутчэй, бо ідзе знізу, ад каранёў, пад даволі вялікім ціскам, а затым пачынае капаць больш павольна. Найбольш зручная вышыня надрэзу – каля 60 сантыметраў ад зямлі: каб напоўнены мяшок не абарваўся пад уласнай вагой. “Здабываць жа сок можна толькі на ўчастках, на якіх пазней загудуць пілы ці ў іншых насаджэннях, але таксама з бяроз, прызначаных для высякання”, – расказвае адзін з самых вопытных леснікоў лясгаса. За чатыры дзясяткі гадоў яго работы многае змянілася ў лясной гаспадарцы, а вось тэхналогія нарыхтоўкі бярозавага соку застаецца нязменнай.
Пётр Пятровіч прыгадвае, як раней бярозавік нарыхтоўвалі вялікімі аб’ёмамі, адразу з лесу бочкамі дастаўлялі на прамысловую перапрацоўку, у тым ліку на ўшацкі агароднінасушыльны завод. У цяперашні час лесаводы збіраюць сок толькі для рэалізацыі насельніцтву, і сезон Ушацкае лясніцтва распачало адным з першых. Рыхтаваліся як заўсёды загадзя – закупілі 100 новых мяшкоў, самі зрабілі спецыяльныя латкі з нержавейкі.
– Ушачане ўжо тэлефанавалі і цікавіліся, калі можна будзе прыехаць за бярозавікам. У марозныя ночы сок замаруджвае свой ход, калі ж цяплее – працэс паскараецца. Тым, хто жадае набыць лясны напітак, можна раніцай пакінуць сваю тару і затым на працягу дня забраць ужо напоўненую свежым сокам. Грамадзяне таксама могуць здабываць бярозавік самі. Але проста прыйсці ў лес і выбраць любую бярозу нельга, падсочка – сур’ёзнае выпрабаванне для дрэва, ад няправільных дзеянняў яно можа нават загінуць. Перад самастойнай нарыхтоўкай неабходна звярнуцца да нас ці ў іншае бліжэйшае лясніцтва і атрымаць інфармацыю аб дазволеных участках разам з тлумачэннем аб тэхналогіях і правілах здабычы бярозавіку, – гаворыць ляснічы Ушацкага лясніцтва Андрэй Сяргеевіч Падвойскі.
Нагадаем, што сёлета набыць карысны лясны напітак можна па 23 капейкі за літр не толькі ў прыгаданым лясніцтве, а і Плінскім, Кубліцкім і Касарскім. Усяго за сезон лясгас плануе рэалізаваць ушачанам каля пяці тысяч літраў бярозавага соку.
Вольга КАМАРКОВА.