Весенняя уборка — на примере депутатов
23 сакавіка на Магілёўшчыне прайшлі суботнікі, ініцыятарам якіх стаў абласны Савет дэпутатаў. Акцыя праводзілася ў межах месячніка па добраўпарадкаванні і мела мэтай прызваць землякоў да больш актыўнага ўдзелу ў вялікай вясенняй прыборцы — навядзенні парадку на роднай зямлі.
У Асіповічах асабісты прыклад павагі да малой радзімы паказалі дэпутаты райсавета. Працавалі народныя выбраннікі не адны: да іх далучыліся прадстаўнікі Маладзёжнага парламента, райаб’яднання прафсаюзаў, БРСМ, Кампартыі Беларусі, іншых грамадскіх арганізацый. Талакой ачысцілі ад апалай лістоты ладны кавалак гарадскога парку.
На сяле ў гэты дзень працавалі дэпутаты сельскіх Саветаў, старасты паселішчаў і, канечне, неабыякавыя вяскоўцы. Асноўныя намаганні прыкладваліся да ачысткі могілак ад галля, прывядзення ў нармальны стан безгаспадарных сядзіб, месцаў агульнага карыстання ў аграгарадках.
Па словах старшыні райсавета дэпутатаў Сяргея Сувеева, першы ў гэтым годзе суботнік у раёне прайшоў арганізавана і плённа. Народныя выбраннікі будуць актыўна ўдзельнічаць і ў іншых калектыўных грамадскіх работах і спадзяюцца, што сукупнымі намаганнямі атрымаецца зрабіць на карысць роднага краю многае.
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.