Марина Шилова любит животных и не может пройти мимо голодного, больного и бездомного
Убачыўшы на абочыне клубок сарок, Марына рэзка ўдарыла па тармазах. Зачапіла позірк нават не стракатая зграя, а нешта жывое, што шавялілася пад ёй. Птушкі клявалі толькі што народжанае шчаня… Адбіла яго, падабрала ўвесь вывадак бадзяжнай сабакі і замест таго каб паехаць на дачу, вярнулася ў Наваполацк шукаць ім гаспадароў. Дзякуючы таму, што ўжо не адзін год сябруе з заснавальнікамі Наваполацкага таварыства аховы жывёлы, гэтыя патэнцыйныя “жабракі” маюць зараз клапатлівых гаспадароў. А шчаня з меткай пад вокам ад сарочых дзюбаў жыве ў самой Марыны Мікалаеўны Шылавай. Малыш, які памяшчаўся на далоні (таму і назвала так) займае зараз усю канапу. І хоць гаспадыня і папярэдзіла, што ён рэдкі дабрак, той для прыліку ўсё ж сустрэў мяне лёгкім брэхам.
Каціная матуля
Зараз у яе 10 сабак і 17 катоў. І любы з іх гатовы абараніць гаспадыню ад чужых, а таксама суцешыць, калі цяжка на душы. Яны адчуваюць настрой, прыціскаюцца, калі дрэнна, хаваюцца, калі нашкодзілі. Так, хоць і разумеюць яе нават па позірку, аднак свавольнічаюць. Нядаўна перавярнулі полку з расадай, таму гаспадыня вымушана была паставіць рашотку на ўваход у адзін з пакояў. Каля дзясятка самых прыбліжаных жывуць з ёй у доме. І не думайце, што туды страшна зайсці. М.Шылава рэдкая чысцёха, нават у наваполацкай кватэры не было паху прысутнасці жывёлы. А вясковыя справы не перашкаджаюць добра выглядаць і заўсёды быць пры манікюры.
Каты, як вядома, адчуваюць хворае месца. Таму і спіць Марына Мікалаеўна ўся аблепленая, пры гэтым баіцца паварухнуцца, каб не парушыць іх сон. “Яны частка майго жыцця, вельмі важная. У Мінск да сына – на дзень. Не толькі таму, што карміць трэба, можна было б папрасіць каго – проста я перажываю за іх, вельмі сумую. Такой нарадзілася”.
Яшчэ ў дзяцінстве бабуліны суседзі клікалі Марыну кацінай матуляй, паколькі яна шкадавала, падкормлівала кацянят. І да гэтага часу перад вачыма яе Гоша, які паміраў пакутлівай смерцю, бо нейкі злыдзень заціснуў яму ў дрэве заднія лапы. Яна ж сапраўды як матуля для кожнага. Барона, сапраўднага велікана, зняла з дрэва – меркавала, што кацяня, настолькі худы быў. Кузю выпаіла з піпеткі – усе яго браты замерзлі ў падвале, ён адзін варушыўся. Фрося і трое яе дзяцей дасталіся ў дадатак да нерухомасці, у якой выжывалі самастойна на працягу чатырох гадоў пасля смерці былой гаспадыні. Белым воблакам праплывае па двары шыкоўны “перс” Ціхан – а некалі быў пужлівым кацянём, якое ледзь выманіла з- пад машыны. Яшчэ адна кінутая кашачая сям’я цалкам прыехала з Наваполацка.
“Таіці, Таіці, нас і тут нядрэнна кормяць”
Марына Мікалаеўна не шукае іх спецыяльна, як і не можа прайсці міма галоднага, хворага ці бяздомнага. Днямі збіла будку і адвезла ў суседнюю вёску. А два разы на тыдні абавязкова “на раёне” – падкормлівае бадзяжных ці проста галодных катоў і сабак. У такія дні ў рускую печ да двух 13-літровых катлоў далучаецца трэці. Летам гатуе на вуліцы. І песціць. Свежую рыбу, а яна заўзятая рыбачка, ядуць толькі некалькі гадаванцаў, астатнія любяць кашы з аўса, ячных круп, проса. Корміць жывёлу некалькі разоў на дні і абавязкова з мяснымі стравамі, таму набывае шыі ці збой, самыя танныя батоны, якія ідуць у дадатак да падкормкі чужой жывёлы ці птушак.
На паўвостраў, на якім і знаходзіцца яе вёска, можна трапіць толькі з аднаго боку. І тым не менш жывёла знаходзіць яе дом: пэўна, нюх на дабрыню самы моцны. Марына паказвае новых пастаяльцаў вальера, што прыйшлі зусім нядаўна з Вяркуд. Блакітнавокага хаскі яшчэ 28 лютага бачылі ва Ушачах, а ў пачатку сакавіка ён ужо быў у яе. Дае прытулак і спадзяецца, што ў іх знойдуцца гаспадары, для гэтага піша ў сацыяльных сетках, прапаноўвае. Бо пры ўсёй шырыні душы, кашалёк усё ж не бязмежны. А каб накарміць такую зграю, за месяц расходуецца кругленькая сума. Добра, што яе поўнасцю разумее і падтрымлівае муж. Гэта на яго льготную пенсію і заробак сталуецца жывёла. Ды і сам падкормлівае катоў і сабак у Наваполацку.
Тут мой рай
Сама Марына Мікалаеўна яшчэ не на пенсіі. Працуе з 16 гадоў, стаж выпрацаваны, а на вёску перабралася, каб падумаць пра здароўе. “У Наваполацку проста задыхаюся. А тут для мяне і гадаванцаў – рай”. Марына вядзе мяне па тэрыторыі і бядуе, што не ў той час прыехала, не бачна яе прыгажосці. Нягледзячы на такую вялікую “гаспадарку” і толькі чатыры гады, як набылі гэты дом, на сядзібе ўжо хораша. На ўездзе шлагбаум і агароджа з металапрофілю: каб гадаванцы не напужалі каго і не пацярпелі самі. Марына Мікалаеўна разумее, што людзі па-рознаму ставіцца да жывёлы і хоча агарадзіць усю тэрыторыю, а таксама пабудаваць большы вальер. З “карыснай” жывёлы ў яе толькі куры, гуляюць за сеткай ці па двары, іх ніхто не чапае. Хіба што каршун, нядаўна ад якога баранілі… вароны. Паднялі гвалт і гналі за вёску – аддзячылі за тое, што корміць. Я была ў гасцях у першы дзень пасля таго, як М.Шылава зняла кармушкі, аднак птушкі, прывыкшы, гужам хадзілі па палянцы за дваром.
Клубніцы, кветкі і градкі ад жывёлы агароджаны. Пракладзены бетонныя дарожкі, на дрэве – гняздо для буслоў. У адным з хлявоў – каціны дом, у якім мірна жывуць і сабакі. Там праведзена асвятленне, прарэзана вялікае акно, пастаўлена канапа, абсталявана нават буржуйка. Так, зімой яна топіць печку, каб ім было камфортна. Канечне песціць. Па гэтай прычыне не атрымліваецца завесці карысную хатнюю жывёлу. Вось і казу Маньку давялося аддаць: закарміла, яна і не пакрылася. Хоць і ведае, што за год бы вырасціла не аднаго кабанчыка, нават думкі не дапускае, што можна есці таго, каго гадаваў. Каб падтрымліваць парадак, спраўляцца з гаспадаркай, яна штодня падымаецца ў 6 гадзін. Смяецца, што даўно б адрамантавала дом, калі б не звярыны прытулак. На адных птушак расходуецца мінімум два мяхі зерня.
У адказе за тых, каго прыручылі
Марына Мікалаеўна лічыць, што ўсё жывое мае права на годнае існаванне. “Калі б кожны дапамог хоць адной жывёле. Прытуліў, не даў далей размнажацца, у нас не было б бадзяжных зграй. Толькі людзі павінны ў гэтым. Пагулялі – выкінулі. Усе мае гадаванцы бязродныя, але вельмі разумныя, дарэчы, усе з прышчэпкамі і стэрылізаваныя. Не так і дорага, калі ў вас адзін сабака або кот. Я ні ў каго не прашу дапамогі, але і не адмаўляюся. Суседзі не выкідваюць косці ці шкуркі. Падтрымліваю сувязь з такімі ж неабыякавымі людзьмі, разам шукаем жывёле гаспадароў. У дзяўчат з наваполацкага таварыства аховы жывёлы дамоўленасць з ветлячэбніцай на стэрылізацыю, таму і мне абыходзіцца крыху танней. Дарэчы, яны і трымаюцца дзякуючы добраахвотным ахвяраванням неабыякавых людзей, якіх на самой справе многа. Напрыклад, зямлю пад гадавальнік, у якім зараз 200 сабак і катоў, выкупілі дзякуючы пералічэнню ананімнага расіяніна.
* * *
Паколькі Марына Мікалаеўна не можа даць прытулак усёй безгаспадарчай жывёле, наўмысна не пісалі вёску, у якой яна пражывае. Але калі захочаце дапамагчы, звяртайцеся ў рэдакцыю – мы паведамім каардынаты.
Вольга Караленка.