Сытно и ярко ушачане отметили Масленицу
У канцы бліннага тыдня вясёлыя гулянні разгарнуліся на цэнтральнай плошчы гарпасёлка. Шумны кірмаш, гастранамічнае раздолле, народныя забавы – кожны знайшоў сабе занятак па душы.
Нядзельная раніца ва Ушачах паклікала народ весяліцца задорнымі гукамі спеваў, спакуслівым пахам пачастункаў. А колькі розных гульняў ды відовішчаў было на цэнтральнай плошчы! Цікавай праграмай парадавалі культработнікі: знайшлося ў ёй месца традыцыйным абрадавым спевам і танцам, вясёлым сцэнкам і прыпеўкам. Дзецям і дарослым прапанавалі больш дзясятка конкурсаў. Напрыклад, можна было прадэманстраваць спрыт у баі мяшкамі на бервяне, праверыць трапнасць у кіданні імправізаваных снежак у кош, хуткасць у паяданні бліноў.
Адмысловы тавар, зроблены сваімі рукамі, прапаноўвалі работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённага Дома рамёстваў. З захапленнем назіралі прысутныя і за працэсам “нараджэння” пейзажу ў руках майстра Міхаіла Аляксандравіча Багдановіча, дарэчы, паўдзельнічаць у ім мелі магчымасць усе жадаючыя.
Аматары спорту тым часам прама на плошчы спрабавалі свае сілы ў падыманні гіры, армрэстлінгу, дыгатлоне. Вось толькі з ліку дарослых такіх было няшмат: відаць, прытаміліся ўшачане пасля шматлікіх спартыўных спаборніцтваў, што ладзяцца ў райцэнтры ледзь не кожныя выхадныя. Між тым, такая акалічнасць прыйшлася даспадобы дзятве, якая з цікаўнасцю і без “лішніх вачэй” апрабоўвала спартыўны інвентар. Шмат забаў для юных удзельнікаў свята падрыхтавалі таксама работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
– Стараюся не прапускаць падобных святаў і абавязкова бяру з сабой сыночка Максіма, – падзялілася з намі маладая мама Анастасія Станкевіч. – Гэта добрая магчымасць не толькі весела правесці час, але і далучыць малога да багатай беларускай культуры.
Ну а якая ж Масленіца без ласункаў? Ад выстаўленых паўсюдна страў літаральна разбягаліся вочы. Народны клуб “Прысмакі” частаваў гасцей галоўным атрыбутам Масленіцы – блінамі з самымі рознымі начынкамі: яблыкамі, тварагом, курыцай. На “ўра” разыходзілася і гарачая гарбата, якая “трымала тэмпературу” на печы непадалёк.
– Ніякіх сакрэтаў няма. Галоўнае – гатаваць з добрым настроем, тады любая страва атрымліваецца смачнейшай, – дзяліліся з ушачанамі жанчыны. – Для надання ж румянасці блінцам з “магазінных” яек раім дабаўляць у цеста крыху куркумы, зрэшты, ніякага спецыфічнага паху ад яе не будзе.
Канкурэнцыю прызнаным кулінарам-аматарам склалі прафесіяналы з райспажыўтаварыства і дружная каманда вясковых гаспадынь з Вяркудскага СДК і бібліятэкі. Дарэчы, апошнія не толькі частавалі, але і забаўлялі прысутных.
– Атмасфера выдатная, толькі сняжку не хапае! – гаварыў ушачанін Аляксандр Усеваладавіч Сямёнаў. – Памятаю, як у 60-я гады адзначалі Масленіцу на беразе ракі Ушача, за касцёлам. Акрамя традыцыйных бліноў былі і клёцкі. Не абыходзілася без вясёлага катання на вазніцы і любімай дзіцячай забавы – раскручвання на санках. Дарэчы, снег на Масленіцу ў тыя гады ляжаў абавязкова і трымаўся звычайна да сярэдзіны красавіка.
Ва ўсе ж часы неад’емным атрыбутам Масленіцы з’яўлялася чучала зімы, якое па традыцыі спальваюць напрыканцы свята. Гэта сімвалізуе развітанне з зімой і пачатак вясны, якая нясе з сабой абуджэнне, радасць і прыгажосць. “Ну вось, нарэшце!” – гучна пракаментавалі ўбачанае ўшачане, якія разам адзначалі гэтае жыццесцвярджальнае народнае свята.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.