Зіма на Масленіцу ўпарта супраціўлялася, але пасля таго, як удзельнікі святкавання прагналі яе сваім сонечным настроем і гуканнем вясны, усё ж палагаднела, хаця папярэдзіла, што будзе наведвацца час ад часу то сняжочком, то марозцам-прымаразкам.
Планавалася, што святкаванне Масленіцы пройдзе ў Ганцавічах 10 сакавіка (якраз паводле календара – за 56 дзён да Вялікадня) у гарадскім парку (пачатак у 12.00), пра што было абвешчана ў тым ліку і праз нашу-вашу газету, аднак зіма сабрала апошнія сілы і ператварыла ранішні дождж у перадабедзенную снежную завею з неслабым ветрам, прагнала з месца гулянняў усіх гандляроў, уладальнікаў павільёнаў і шапікаў, а людзям папросту не дазволіла са сваіх кватэр і дамоў нос паказаць. У выніку святкаванне літаральна перад яго пачаткам было перанесена ў Дом культуры.
І ўсё ж тыя, хто, нягледзячы ні на што, знайшлі праз снежнае месіва дарогу ў галоўную культурную ўстанову раёна, паспелі пачаставацца сімвалам свята – салодкімі блінамі. А Дом рамёстваў на чале з дырэктарам установы Алай Занька арганізаваў цудоўную выставу з шэдэўрамі ручной работы – ручнікамі, палавічкамі, сурвэткамі, торбачкамі, лялькамі ды многім іншым. Сярод гэтых вырабаў была поўная карзіна мініяцюрных лялек – таксама сімвалаў Масленіцы, якія прадэманстравала перад аб’ектывам фотаапарата вучаніца 2 “А”класа Ганцавіцкай СШ №2 Настасся Загарук.
Масленічны тыдзень, які пачаўся яшчэ 4 сакавіка, такім чынам, завяршыўся. Пачаўся строгі пост, які прадоўжыцца да Вялікадня, гэта значыць, да 28 красавіка па календары праваслаўнай канфесіі. Як гаворыцца, бліноў паелі – і даволі. Скаромным пахарчуемся, а ў свята разгавеемся.