Канцэртная праграма "Зямля пад белымі крыламі" адбылася ў Лылойцінскім Доме культуры
Праграма была прысвечана Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Прыгожыя пранікнёныя словы вядучых настроілі ўсіх прысутных на лірычны лад. З цеплынёй і радасцю гледачы прымалі кожны музычны нумар, асабліва шчымлівыя пачуцці выклікалі дзіцячыя выступленні: песня "Прывітальная", "Шарики воздушные", танцавальная замалёўка "Ах, эти тучи в голубом". Упершыню гледачы ўбачылі вершаваную казку "Залатое яечка" у выкананні Мацьвея Фадзеева, які разыграў сапраўдны лялечны спектакль.
Артыстызмам і вельмі цікавымі створанымі сцэнічнымі вобразамі адрозніваліся выступленні дарослых удзельнікаў аматарскай мастацкай творчасці. Свой песенны і паэтычны талент прадэманстравалі Емяльян Наталля, Гладушка Міхаіл, Корвель Галіна, Свірская Галіна. Кожнае выступленне артыстаў гледачы сустракалі бурнымі апладысментамі. Сярод разнастайнасці песенных нумароў асабліва ўскалыхнулі гледача канцэртныя нумары на ваенную тэматыку. Крануў душы прысутных верш і вобраз маладога лётчыка ў выкананні Ільі Пуховіча. Вельмі яркім фінальным акордам прагучала песня "Родная земля", якую выканалі ўсе ўдзельнікі канцэртнай праграмы, а ўдзячныя гледачы стоячы віталі артыстаў.
Таццяна Мар'янаўна Ражава, начальнік аддзела культуры, ад імя журы конкурса павіншавала прысутных з першым днём вясны, з надыходзячым жаночым свята і з задавальненнем адзначыла, што самым вялікім скарбам з'яўляюцца дзеці.
Наталля ТАПУЦЬ, загадчык Лылойцінскага Дома культуры.
Фота аўтара.