Дзве 11-гадовыя мінскія школьніцы збіраліся ўцячы ў Літву
pixabay.com
Дзве 11-гадовыя мінскія школьніцы збіраліся ўцячы ў Літву. Як інфармуе прэс-служба сталічнай міліцыі, бацькі адвялі іх на танцы ў школу, а калі прыйшлі забіраць дахаты, высветлілася, што дзяўчынкі ўжо сышлі. І накіраваліся ў бок вакзалу. Каля 23-й гадзіны бацькі звярнуліся ў Партызанскае РУУС і паведамілі, што дзеці больш за чатыры гадзіны не выходзяць на сувязь.
Школьніц удалося аператыўна знайсці супрацоўнікам інспекцыі па справах непаўналетніх. Дзяўчынкі знаходзіліся каля станцыі метро "Грушаўка". А 3-й гадзіне ночы іх перадалі бацькам.
Школьніцы патлумачылі свой учынак тым, што хацелі з'ехаць да сваякоў адной з дзяўчынак, якія жывуць у Літве. Міліцыянеры правялі з сем'ямі падлеткаў "прафілактычныя мерапрыемствы", каб не дапусціць у будучым падобных здарэнняў.