Выйшаў пераклад Новага Запавета на палескую гаворку

Источник материала:  
27.02.2019 13:46 — Разное

Пераклад зрабіў дыялектолаг Фёдар Клімчук (1935 – 2018), які памёр тры месяцы таму, троху не дачакаўшыся выхаду кнігі. Дзякуючы Фёдару Данілавічу евангелісты загаварылі на мове яго роднай вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна. Пераклад даецца ў заходнепалескай спрошчанай транскрыпцыі для таго, каб кожны чалавек з іншага рэгіёну Зямлі, якому вядомыя адзін-два кірылічныя алфавіты і хоць бы адзін лацінскі, мог чытаць тэкст без каментароў так, як яны гучаць у брэсцка-пінскіх гаворках.


Читать полностью в источнике с фото: http://virtualbrest.by/news63873.php

Выйшаў пераклад Новага Запавета на палескую гаворку

Гэта ўжо другое выданне пераклада Новага Запавета Клімчука, гэтым разам поўнае. Ініцыятар публікацыі – праект “Традыцыя” пад кіраўніцтвам Сержука Доўгушава. Грошы на кнігу збіралі краўдфандынгам.

Кандыдат філалагічных навук Фёдар Клімчук быў захоплены таксама і гісторыяй, фальклорам, этнаграфіяй не толькі роднага Палесся і Беларусі ў цэлым, але і многіх краін Еўропы. Ён даследваў гісторыю такіх этнічна складаных рэгіёнаў, як Крым, былая Югаславія, Карабах. Першым у Беларусі ён стаў выкарыстоўваць этналінгвістычную метадалогію, распрацаваную маскоўскім акадэмікам Мікітам Талстым. Вялікую частку навуковых даследаванняў Фёдар Данілавіч праводзіў у роднай вёсцы Сіманавічы (10 км на поўнач ад Драгічына) і ў заходнепалескім рэгіёне. За яго плячыма больш за 200 навуковых прац і безліч экспедыцый.

Народныя спевы былі яшчэ адным захапленнем Фёдара Клімчука. Ён ведаў каля тысячы песень на мясцовым дыялекце, на літаратурнай беларускай, на ўкраінскай, рускай і польскай мовах, якім навучыўся ад маці Настассі Андрэеўны Клімчук (1912–1989) і ад многіх аднавяскоўцаў.

Для перакладу асноўнай часткі Новага Запавета спатрэбілася больш за 20 гадоў. Сам Фёдар Данілавіч піша, як гэта адбывалася: “Звычайна… браўся адзін верш… Тэкст перачытваўся. Затым я ў думках перамяшчаўся ў Палестыну першай паловы І ст. н. э., нібыта станавіўся непасрэдным назіральнікам тых падзей… І распавядаў сваім землякам… што пабачыў. Потым я гэта паведамленне запісваў”. Для перакладу выкарыстоўваў тэксты на беларускай, украінскай, рускай, стараславянскай мовах. Пераклаўшы кавалачак, Фёдар Данілавіч зачытваў яго маці. Калі яна казала: “Не, мы так не гаворым,” – перарабляў. Удакладняў у старэйшых аднавяскоўцаў розныя словы. Казаў, што калі на нейкую мову перакладзеная Біблія, значыць, гэтая мова ніколі не знікне, не забудзецца. Яго праца – спроба захаваць гаворку роднай палескай вёскі на стагоддзі. Дыялекты, на якіх існуе багатая літаратура, ва ўсходнеславянскай традыцыі прынята называць літаратурнымі мікрамовамі, а ў іншых краінах іх называюць рэгіянальнымі мовамі. Фёдар Клімчук выдаў па-заходнепалеску таксама “Слова пра паход Ігаравы”, урыўкі з твораў Гамера, Талстога і Гогаля, перакладаў Шота Руставэлі.


Читать полностью в источнике с фото: http://virtualbrest.by/news63873.php

Выйшаў пераклад Новага Запавета на палескую гаворку

Цалкам або часткова Біблія перакладзеная на паўтары тысячы моў і дыялектаў свету. Цяпер сярод іх — і гаворка вёскі Сіманавічы Дарагічынскага раёна. Набыць “Новый Завіт” можна ў кнігарнях “Акадэмкніга” (Мінск, пр. Незалежнасці, 72) і “Імбрык” (ГЦ "Купалаўскі", павільён № 37). Апошні прапануе таксама дастаўку па ўсім свеце.


1 сакавіка ў Берасці адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага пераклада "Новы Запавет" на палескую мову в.Сіманавічы вядомага мовазнаўцы Фёдара Данілавіча Клімчука. У межах прэзентацыі вас чакаюць Палескі Спеўны Сход, цікавыя госці, унікальны досвід! Чакаем а 18:30, вул. Набярэжная Францыска Скарыны, 32

←Беларусь подставила Украину с закупкой угля: эксперт указал на странный момент

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика