Утульнае свята ў Смаргонскім прытулку
Урачыстасць пачалася з сюрпрызу: дзяўчынкі ў таямніцы ад хлапчукоў сшылі гальштукі-матылькі, якія і падарылі віноўнікам весялосці. Даведаўшыся гістарычныя звесткі пра свята і адгадаўшы складаныя загадкі, дзеці наперабой называлі самыя лепшыя якасці сваіх тат, а паразважаўшы, усе прыйшлі да меркавання, што кожны мужчына, які добра працуе і клапоціцца пра сваю сям'ю, з'яўляецца самым сапраўдным абаронцам!
У конкурсах хлопцы і іх бацькі прадэманстравалі шпаркасць, спрыт і трапнасць. Акрамя таго, усе атрымалі сувеніры, і паспыталі цудоўны торт, які спецыяльна да свята спякла Рыта Баркоўская.
Аб ролі бацькі ў выхаванні дзіцяці сёння кажуць шмат. Спецыялісты адзначаюць, што даволі складана выгадаваць паўнавартасную асобу, хлопчыка ці дзяўчынку, без мужчынскага ўплыву.
Бацька - той, хто натхніць паспрабаваць яшчэ і яшчэ, ўселіць веру ў сябе, не дасць сябе бясконца шкадаваць, яшчэ і дапаможа разабрацца з прычынамі няўдач. Вельмі добра, што свята атрымалася, бацькі падкрэслілі, што ў невялікай групе прытулку яны ўбачылі таленты сваіх дзяцей, а дзеці знайшлі станоўчыя якасці ў сваіх бацькоў.
Ларыса ТАТАРЫНАВА, дырэктар Смаргонскага СПЦ.
Фота аўтара.