У Гродне тры 8-гадовыя дзяўчынкі не вярнуліся са школы, іх знайшлі толькі ўначы
uvd.grodno.by
У Гродне тры 8-гадовыя дзяўчынкі не вярнуліся са школы. Дзве з іх — сёстры, яны вучацца ў 2-м класе СШ № 39, трэцяя навучаецца ў трэцім класе. Бацькі паведамілі ў міліцыю пра знікненне дзяцей а 22-й гадзіне (дзяўчынкі дома мусілі з'явіцца а 15-й, але часта гулялі да вечара). У пошуку былі задзейнічаны значныя сілы міліцыі, выкарыстоўвалі і службовага сабаку. Праваахоўнікі правяралі пад'езды дамоў, іх наваколле, апытвалі людзей. Падключыліся таксісты, якіх прыехала ў раён пошуку каля паўсотні аўтамабіляў. Інфармацыя пра школьніц з'явілася ў сацыяльных сетках.
Знайшлі дзяўчынак толькі а 4-й гадзіне ночы. Высветлілася, што дзеці доўга гулялі ў сваім раёне. Заплечнікі былі цяжкія, таму адна з школьніц пакінула яго ў лесе, іншая — у пад'ездзе дома, у які яны заходзілі. Пасля яны пра гэта пашкадавалі, без рэчаў вырашылі дахаты не вяртацца і прынялі рашэнне... пераначаваць у пад'ездзе жылога дома, дзе іх і знайшлі. Міліцыя па дадзеным факце правядзе праверку, інфармуе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама.