На ўскрайку Заходняга мікрараёна Нясвіжа, на вуліцы Касцюшкі, 6, стаіць прыгожы двухпавярховы дом, які сваёй арыгінальнай архітэктурай крыху нагадвае казачны палац. Наблізіўшыся да яго, можна побач убачыць і іншыя, меншыя па памерах, пераважна драўляныя будынкі, міні-басейн і мноства зеляніны, сярод якой бачны садовыя скульптуры і прадметы даўніны, сабраныя ў сапраўдны музей пад адкрытым небам. Гэта — аграсядзіба “Нясвіжская”, дзе гаспадараць Генадзь і Таіса Аксёнік.
— Мы адкрыліся ў 2004 годзе, — расказаў у нашай гутарцы Генадзь Мікалаевіч. — І сёлета ў нас невялікі юбілей — 15 гадоў. Спачатку мы прапаноўвалі гасцям толькі 2-3 пакоі ў сваім гаспадарчым доме. З цягам часу сталі расшырацца. Гэтаму добра паспрыяў крэдыт, прадастаўлены Бел-аграпрамбанкам на развіццё сядзібы. З яго дапамогай мы пабудавалі яшчэ адзін будынак на тры нумары і лазню, якой з задавальненнем сталі карыстацца не толькі турысты, але і мясцовыя жыхары, палепшылі добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Дарэчы, нельга не заўважыць, што гаспадары “Нясвіжскай” — людзі, улюбёныя ў сваю справу. Яны ставяцца да яе з сапраўды творчым падыходам і не спыняюцца на дасягнутым: праз некаторы час пасля заканчэння гэтага будаўніцтва Генадзь Мікалаевіч заўважыў, што над памяшканнем гаража і лазні можна дабавіць мансардныя паверхі, што і было зроблена. І цяпер над імі — па два камфартабельныя нумары з санвузламі, душам, халадзільнікамі і тэлевізарамі.
— На сённяшні дзень тут шэсць нумароў, да мая будзе восем, — заўважыў мой суразмоўца.
Ён асабліва адзначыў, што сёння людзі ўжо больш цэняць уласныя спакой і камфорт, і прывычка савецкіх часоў засяляць у адзін пакой трох-чатырох чалавек адышла ў нябыт. Таму ў “Нясвіжскай” адкрываюцца два дадатковыя нумары для аднаго-двух гасцей. Поўнасцю ж яна можа прыняць да 20 чалавек у 6 нумарах, адзін з якіх — двухпакаёвы. Там можа пасяліцца ад 4 да 6 чалавек.
Гледзячы наперад, гаспадары прыйшлі да высновы, што вельмі добра будзе прадастаўляць гасцям гарачае харчаванне, менавіта — сняданак. Таму была пабудавана асобная кухня са сталовай.
— Яна атрымалася такой утульнай, — не без гонару адзначыў Генадзь Мікалаевіч, — што хочацца назваць яе “міні-кафэ”. А ў кафэ павінна быць назва. У нас яна з’яўляецца нібы сама сабой — на барнай стойцы стаіць старадаўні рубанак, які сын Яўген з нявесткай Ірынай набылі як сімвал таго, што тут усё зроблена з дрэва. На акне каля мяккага кутка знаходзіц-ца яшчэ каля дзясятка розных рубанкаў нашых продкаў. Адсюль напрошваецца і назва нашага “міні-кафэ”, няхай і неафіцыйная — “Рубанак”.
У канцы верасня ў гэтым месцы ўпершыню пабывала вя-лікая група гасцей, і з таго часу тут раз-пораз адзначаюцца сямейныя ўрачыстасці.
Дарэчы, пакуль мы гутарылі з гаспадаром, якраз прыехала вяселле, і маладыя, якія прадставіліся як Сяргей і Аліна, міла згадзіліся папазіраваць для нашай газеты. Яны былі вельмі задаволены тым, што вяселле ў аграся-дзібе пазбавіла іх праблемы з рассяленнем гасцей — усе, каму трэба, размясціліся ва ўтульных нумарах “Нясвіжскай”.
У 2018 годзе ў аграсядзібе “Нясвіжская” пабывалі турысты з Расійскай Федэрацыі, Украіны, Польшчы, Балгарыі, Латвіі, Бразіліі, Грэцыі, Ірландыі, Ізраіля, Пакістана, Германіі, Швейцарыі, Славеніі, Італіі, Іспаніі, Паўднёвай Карэі, Францыі, Эстоніі, Казахстана.
Назаўтра тут адзначалася вялікае сямейнае свята — 18-годдзе адной з несвіжанак. І што немалаважна для тых, хто збіраецца адпачыць у сяброўскай бяседзе, у “міні-кафэ”, пра якое ідзе размова, ёсць месца не толькі для прыгожа накрытых сталоў, але і для дыскатэкі.
Гэтымі днямі ў “Нясвіжскай” ідзе актыўная падрыхтоўка да турыстычнага сезону, які звычайна прыпадае на красавік — кастрычнік.
— Адпачываць асабліва няма калі,— зазначыў напрыканцы нашай гутаркі Генадзь Мікалаевіч. — Хочацца як мага больш зрабіць да пачатку сезону.
І ў жаданні гэтым у яго ёсць на-дзейная падтрымка — гаспадыня аграсядзібы, верная спадарожніца жыцця Таіса Альбінаўна, сыны, нявесткі, унучкі. А для дружнай вялікай сям’і ўсе задумкі пад сілу. Прыязджайце ў аграсядзібу “Нясвіжская” — упэўніцеся ў гэтым самі!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.