Адбыўся паказ спектаклю «Біблія князя Радзівіла», прысвечаны канцлеру Вялікага Княства Літоўскага
21 лютага 2019 года ў Брэсцкам акадэмічным тэатры драмы адбыўся паказ спектаклю «Біблія князя Радзівіла», прысвечаны Мікалаю Радзівілу Чорнаму – канцлеру Вялікага Княства Літоўскага.
У першыню гэты спектакль берасцейцы убачылі ў 2016 годзе з нагоды 500-годдзя з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага, славутага дзеяча ХVI стагоддзя, заснавальніка першай, на тэрыторыі сучаснай Беларусі, друкарні ў Берасце, у якой у 1563 г. была надрукавана Берасцейская Біблія.
Гісторыя жыцця і духоўнага адраджэння Мікалая Радзівіла цудоўна адлюстравана калектывам пад кіраўніцтвам актора і рэжысера Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Паўла Южакова-Харланчука па п`есе кандыдата гістарычных навук, загадчык аддзела гісторыі беларускай дзяржаўнасці Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андруся Унучака. Галоўную ролю ў спектаклі – Радзівіла Чорнага – выконвае сам рэжысёр Павел Харланчук, а ягоная жонка, Ганна Харланчук, грае жонку Мікалая Радзівіла Эльжбету.
Варта адзначыць, што калектыў гэта аматарскі, хоць у ім і ёсць прафесійныя акторы. Сваю дзейнасць, як тэатральны калектыў, яны пачалі сем гадоў таму з пастаноўкі ў абарону жыцця “Маё сэрца б'ецца”, прымеркаванай да Дня абароны дзяцей. Тады яны хацелі, каб іх убачылі, пачулі, зразумелі. І зараз іх, апрача любові да тэатру, таксама аб'ядноўвае жаданне данесці ісціну да простых людзей, да звычайных гледачоў. І гэтая ісціна ў тым што любыя змены ў дзяржаве і грамадстве пачынаюцца толькі тады, калі пачынаецца духоўнае адраджэнне. Таму наступная пастаноўка “1517” была прысвечана гадавіне выдання Бібліі Францыскам Скарынай, а сцэнарый да яе зрабіўАляксей Шеін.
“На жаль збірацца для рэпетыцый атрымліваецца рэдка, і няма сваёй пляцоўкі, таму мы вельмі ўдзячны царкве “Ян Прадвесник” за памяшканне, якое яны нам прапанавалі.” – распавёў карэспандэнту ВБ Павел Аляксандравіч Харланчук. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці, каллектыў старанна працуе, і мае выязныя спектаклі, хоць і вельмі рэдка,.
Звярнуў увагу на сябе той факт, што большасць гледачоў у зале – гэта моладзь, што сведчыць аб зацікаўленнасці гісторыяй свайго горада і запатрабаванасці інфармацыі на гэтую тэму.