Аляксандр ЗАНЬКА: «Я ніколі не лайдачыў і стараўся быць проста чалавекам»

Источник материала:  
18.02.2019 15:45 — Разное

І гэта ў яго атрымалася, бо ў жыцці аддаваў людзям больш, чым браў, не быў ганарлівым, але ж і галаву нізка не схіляў. Ён шчыры, уважлівы, сумленны. Ён адданы сын сваёй Бацькаўшчыны. Ён – асоба.

Аляксандр  ЗАНЬКА:  «Я ніколі не лайдачыў  і стараўся быць проста чалавекам»

 – Калі не сакрэт, чаму вы засталіся жыць і працаваць у Вялікіх Круговічах?
– У 1976 годзе з нядрэнным аэстатам аб заканчэнні Круговіцкай сярэдняй школы я падаўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, на геаграфічны факультэт. Гэта сёння без асаблівых цяжкасцей можна стаць яго студэнтам, а ў тыя часы на адно месца прэтэндавалі па 4 – 5 выпускнікоў. Адным словам, мае першая і другая спробы паступлення былі няўдалымі. Толькі на трэці год я нарэшце быў залічаны ў БДУ. Хаця мушу прызнацца, што, даючы дарогу сваім юнацкім марам, бачыў я сябе зусім не настаўнікам. Геолагам.
Дык вось, пасля заканчэння БДУ накіроўваюць мяне працаваць на Гродзеншчыну. А маці мне і кажа: «Ехаў бы ты,сынок, працаваць у свой раён, а яшчэ лепш у родную школу. Андрэй Лукашавіч (А. Л. Місюра, тагачасны загадчык аддзела адукацыі райвыканкама) ставіцца да цябе прыязна, думаю з працаўладкаваннем не адмовіць, наадварот, дапаможа». І дапамог. На базе Люсінскай сярэдняй школы адкрывалася тады турыстычная база, і мяне прызначылі дырэктарам. Праз некаторы час турбаза змяніла адрас: у В.Круговічах пабудавалі новую школу, і яна пераехала ў гэты дзівосны населены пункт. На той час я ўжо быў жанатым, гадавалі з жонкай дачушку-першынца, і сродкі аддзела адукацыі нам у вёсцы пабудавалі дом. З першага моманту я адчуў, што ён мой. Нават у недабудаваным і недобраўпарадкаваным было цёпла і ўтульна.
– Ці помніцца вам першы заробак і на што вы яго патрацілі?
– Пасля першай няўдалай спробы паступлення я не бадзяўся па вуліцы, а пайшоў працаваць. Бацька мой, Арсеній Васільевіч, усё жыццё шчыраваў у калгасе, а ў гарачую пару жніва садзіўся за «штурвал» камбайна, і мяне, зусім зялёнага, па дамоўленасці з кіраўніцтам гаспадаркі, узяў сваім памочнікам. Зарабілі мы па тым часе шмат грошай, і ўсе аддалі маці. Яна ў нас не была «раскідухай», і добра ведала, куды і на што іх патраціць. Нават пасля работы ў студэнцкіх атрадах, а працаваць даводзілася ў моцных гаспадарках, я прывозіў усё, да капейкі, матулі. Такая была ў нас завядзёнка. Лічу, што правільная.
– А што для вас грошы сёння і як вы лічыце, што за іх нельга купіць?
– Грошы для мяне, як і для любога чалавека – гэта дабрабыт, магчымасці. Для прыкладу, я ўсё жыццё працую, і заробленыя грошы разам з жонкай мы ўкладваем у нашу хату. Таму зараз і жывём камфортна, можа, нават лепш, чым у горадзе. Маючы іх у кішэні, мы можам падарожнічаць, радаваць дзяцей і ўнукаў падарункамі. І яшчэ адну ролю грошы адыгрываюць у маім жыцці – даюць унутраную свабоду. Вось толькі здароўе і сапраўднае шчасце за іх не купіш…
– Колькі гадоў вы кіруеце Круговіцкай школай? У чым плюсы і мінусы вашай работы?
– Была ў маім жыцці такая гісторыя. Аднаму з былых вучняў прапанавалі пасаду дырэктара ў адной сельскай школе. Ён, мабыць, доўга не мог прыняць канчатковае рашэнне, бо неяк вечарам прыйшоў параіцца да мяне. «Якія плюсы і мінусы ёсць у таго, хто заняў дырэктарскі кабінет, – пытаецца. – І ці варта мне згаджацца на гэтую прапанову?». Гаманілі доўга. За «плюсам» я паставіў павагу і аўтарытэт, нядрэнную заработную плату… За «мінусам» – вялікую адказнасць, работу без выхадных і пастаянныя думы: што і як зараз у школе? Разыходзіліся мы недзе пасля поўначы. А на развітанне мой субяседнік толькі і кінуў: «Дзякуй, вы мяне ўпэўнілі…». Раніцай наступнага дня я даведаўся, што ён адмовіўся ад дырэктарства. Пабаяўся, ці, можа, я лішніцу яму сказаў, не ведаю. Аднак прызнанні мае былі шчырымі.
– Калі б вы сталі Міністрам адукацыі, што б у першую чаргу зрабілі для сельскай школы?
– Па-першае, «разгрузіў» бы дзяцей. Ад сённяшніх школьнікаў мы шмат патрабуем. Адсюль бесперапынная гонка за дасягненнямі, невераготны рытм жыцця… А дзеці – гэта ж малеча, яны не павінны жыць дарослым жыццём, у іх свае запатрабаванні, а значыць гульні і мары… Па-другое, даў бы магчымасць хлопцам і дзяўчатам больш займацца працай. Гэта самы просты шлях выхаваць добрага чалавека. І апошняе: дзяцям у школе трэба больш займацца спортам, а настаўнікам уласным прыкладам паказваць, наколькі гэта цікава і карысна.
– Ёсць адно пытанне, якое традыцыйна задаю сваім субяседнікам: «Якая формула вашага поспеху?»
– Настойлівая праца плюс вера ў свае сілы.
– А як часта ў жыцці вам даводзілася пераступаць праз свае прынцыпы?
– На жаль, даводзілася. І не таму, што я беспрынцыпны чалавек, абставіны заганялі ў вугал і прымушалі ісці насуперак сваім думкам і жаданням. Аднак лічу, што куды страшней пераступіць праз чалавека, чым праз сябе.
– Вам важна, што пра вас гавораць людзі?
– Калісьці было вельмі важна. І не таму, што я баяўся чужых меркаванняў ці мне хацелася некаму больш падабацца… Я проста думаў пра бацькоў, затым пра дзяцей, аднавяскоўцаў… Хаця я заўсёды быў самадастатковым і не губляў свайго «я».
– Сёлетні лістапад для вас юбілейны, будзеце адзначаць сваё 60-годдзе. А на які ўзрост вы зараз сябе адчуваеце?
– Ну зусім не на шэсцьдзесят! (смяецца). У мяне вялікая цікавасць да жыцця і ўсяго новага, шмат заняткаў для душы, спраў. Адным словам, не сяджу на месцы… А гэта і ёсць вечная маладосць.
А вяртаючыся да першай часткі вашага пытання, скажу, што гэты год для мяне сапраўды ўраджайны: 150 гадоў спаўняецца Круговіцкай школе, 25 гадоў я працую на пасадзе яе дырэктара.
– А зараз трыма словамі паспрабуйце даць сабе характарыстыку?
– Не атрымаецца. Бо ні ў трох, ні ў трыццаці трох словах не скажу пра сябе нічога добрага. І не таму, што я пастаянна корпаюся ў сабе, незадаволены ўчынкамі, паводзінамі… Проста, азіраючыся ў былое, разумею, што часта дазваляў жыццю кіраваць мною, не ўсё, што мог, зрабіў для сваіх жонкі, дзяцей, унукаў… Нават на працы не заўсёды быў добрым дырэктарам, хоць ніколі не лайдачыў і стараўся быць проста чалавекам.
– Неяк сумна атрымалася. Давайце лепш пагаворым пра каханне. Што вы разумееце пад гэтым словам?
– Без кахання няма жыцця, і яно, як казаў Канфуцый «пачатак і канец нашага існавання». На шчасце, я кахаю, і адчуваю сябе каханым.
– А што яшчэ робіць вас па-сапраўднаму шчаслівым?
– Сям’я. Я шчаслівы жонкаю, дзецьмі, радасным смехам унукаў у нашай хаце, жывымі, няхай ужо і не зусім здаровымі, бацькамі. Мая праца – гэта таксама шчасце, бо прыносіць мне не толькі матэрыяльны дабрабыт, але і найвялікшую асалоду.
– Вы – вясковы чалавек. А што ўмееце рабіць сваімі рукамі?
– Мая матуля нарадзілася ў Ганцавічах, а яе бацька быў цесляром, дарэчы, знакамітым, хаты рабіў не толькі ў горадзе, але і ў самых аддаленых вёсачках раёна. Дык вось, недзе ў класе восьмым у дзень нараджэння ён мне падарыў… сякеру, малаток і нажоўку. Па сённяшні дзень на самым пачэсным месцы ў маёй невялікай майстэраньцы дзедаў падарунак, які дазволіў па-асабліваму адчуць у руках цеплыню дрэва і навучыў майстраваць лесвіцу, рубіць лазню, крыць дахі дамоў…
– Ведаю, што вы любіце падарожнічаць.
– Вельмі. Мы сёння гаварылі з вамі пра грошы, дык вось зараз значная частка нашага сямейнага бюджэту ідзе на падарожжы. Разам з унукамі пабывалі ва ўсіх абласных цэнтрах, штогод наведваемся ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза і Снягуркі, ездзім у аквапарк і лядовыя палацы, басейн. А па дарозе да хаты знаёмімся з вялікімі гарадамі і маленькімі вёсачкамі, з іх гісторыяй і сучаснасцю. Шмат вандруем па Ганцаўшчыне. Напрыклад, нядаўна прыдарожны знак завёў нас у Макава і Палонь. Я глыбока перакананы ў тым, што знаёмства з Беларуссю для дзяцей павінна пачынацца з малой радзімы.
А наогуол, прыцягальнасць да падарожжаў у мяне з маладосці. З асаблівай сілай тады вабілі горныя краіны. І скажу шчыра: дзякуючы маёй «хваробе», вылечыцца ад якой я з часам так і не змог, іх убачылі мае родныя, вучні школы. Уяўляеце, колькі шчасця і радасці было на тварах звычайных вясковых дзяцей, калі яны ішлі паходам у Карпаты, падымаліся ў горы, пераадольваючы за дзень па некалькі турыстычных маршрутаў.
– Рэкорды ставілі?
– Дзеці не ставілі. А ў мяне за жыццё быў адзін рэкордны пад’ём на Эльбрус. Яго вышыня 5 тысяч 642 метры. Я змог пераадолець 4 тысячы 200 метраў.
– Калі б маглі падарожнічаць у часе, то куды б адправіліся?
– На крылах вялікага часу хацеў бы трапіць у сваё шчаслівае і бесклапотне дзяцінства. І ў падарожжа я адправіўся б не адзін, а разам са сваім вучнем. Узяў бы яго за руку і завёў на цагляны завод, да кар’ераў, у якіх дарослыя здабывалі гліну, а мы, дзеці, купаліся. Паказаў бы нашу школу, у якой за партамі сядзела ажно 400 вучняў! Пазнаёміў бы з Валодзем Шахраем, выдатным спартсменам і гэткім жа выдатным сябрам. Правёў бы заснежанымі круговіцкімі вуліцамі, што плоту не відаць, вывеў за вёску, каб паказаць вясёлкавы ранак з песняй калгасных трактараў і цягучым, заклапочаным шумам бору… Можа, часы каралеўскіх мушкецёраў некаму пададуцца куды цікавейшымі, аднак для мяне гэта самае рамантычнае – нашае.
– Калі не сабою, то кім бы вы хацелі быць?
– Сабою…
Тэкст і фота
Галіны ПУПАЧ.

(Visited 1 times, 1 visits today)

←Купила себе 30 талончиков: кассир киоска воспользовалась забытой покупателем картой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика