Дарогамі Генрыха Юшкевіча

Источник материала:  
08.02.2019 — Разное

Дарогамі Генрыха Юшкевіча

У аграгарадку Забалаць ёсць невялікая, пясчаная, нічым, на першы погляд, непрыкметная вуліца. Увесну і ўлетку яна расквечваецца, увосень палымнее ў лісці дрэў, а ўзімку мірна спачывае пад снежнай коўдрай. Носіць яна імя Генрыха Іванавіча Юшкевіча. Калі пацікавіцца ў забалаччан, што яны ведаюць аб гэтым чалавеку, некаторыя раскажуць: “Ён наш зямляк, быў першым старшынёй мясцовага сельсавета, загінуў ад бандыцкай кулі ў маладым узросце”. І практычна ніхто не ўспомніць, што Генрых Юшкевіч прайшоў дарогамі вайны…

У далёкім 1919 годзе ў вёсцы Дварчаны тады Радунскага раёна на радасць бацькам нарадзіўся Генрых. Маці Мальвіна Вікенцьеўна і бацька Ян Янавіч былі задаволены тым, што іх першынец — хлопчык. Пазней у сям’і з’явіліся сын Станіслаў і дзве дачкі — Леанарда і Гелена. Сям’я жыла сціпла, але вельмі дружна. Генрых дапамагаў бацькам па гаспадарцы, цягнуўся да навукі — скончыў сем класаў  Забалацкай школы. Маладыя мары азмрочыла Вялікая Айчынная вайна.

Звестак пра тое, дзе ваяваў малады чалавек, не захавалася. Аднак праліць свет на гэта дапамагла яго пляменніца Галіна Станіславаўна Крокевіч, якая сёння жыве ў вёсцы Хадзілоні Шчучынскага раёна:

— Памятаю, як у дзяцінстве мне расказвала бабуля Мальвіна, што дзядзю Генрыха ў 21 год забралі на фронт. Ваяваў ён у кавалерыі. У адным з баёў быў цяжка паранены і адпраўлены ў шпіталь у Маскву. Там яму зрабілі складаную аперацыю, і ён пайшоў на папраўку. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе вярнуўся дадому.

Генрых быў першым камуністам у вёсцы. Дапамагаў бедным, агітаваў землякоў за новае жыццё, арганізоўваў сялян на выкананне дзяржаўных планаў, падпіску на заём. У маладога чалавека заўважылі арганізатарскія здольнасці і выбралі яго першым пасляваенным старшынёй Забалацкага сельсавета. Людзі паважалі яго, бо ён быў вельмі чулым і справядлівым чалавекам. Аб гэтым захаваліся запісы ўспамінаў землякоў у гісторыка-этнаграфічным музеі “Спадчына” Забалацкага НПК.

Алёна Ёдка: “Аднойчы я прыйшла з просьбай у сельсавет, каб мне аказалі дапамогу ў жыллі. Генрых Іванавіч устаў з-за стала, уважліва выслухаў мяне і з усмешкай сказаў: “Такім, як Вы, Алёна, новая ўлада ніколі не адкажа”. I мне выдзелілі кватэру ў доме колішняга кулака Жылінскага”.  

Дарэчы, не толькі адной  Алёне Ёдцы, усім былым батракам было дадзена жыллё ў дамах тых, хто бег ад новай улады.

Юльян Юшкевіч: “У нас цяжка захварэў сын. Калі аб гэтым даведаўся Генрых Іванавіч, то прыняў тэрміновыя меры для адпраўкі яго ў бальніцу. Хлопчык быў выратаваны”.

У неспакойны час Генрых Іванавіч стаў старшынёю сель-савета — за актывістам сачылі бандыты. Аднойчы ў выхадны дзень моладзь прыйшла на вечарыну ў вёску  Гудзінішкі Забалацкага сельсавета. Вясёлая музыка сабрала ўсіх на танец. Затым у гарманіста быў невялікі адпачынак. Дзяўчаты  з юнакамі сядзелі на лаўках, вялі размову. Некаторыя выйшлі на вуліцу, каб падыхаць свежым паветрам. Генрыха хтосьці паклікаў… Подлая рука з банды Іваноўскага 7 ліпеня 1949 года спыніла жыццё земляка. Першаму пасляваеннаму старшыні тады было ўсяго 30 год. На яго пахаванні на мясцовых могілках прысутнічала ўся забалацкая ваколіца.

Так здарылася, што ў тым жа годзе пры затрыманні застрэлілі самога Іваноўскага. Яго везлі на павозцы праз вёску Дварчаны. Міліцыянер паклікаў маці загінуўшага Юшкевіча Мальвіну Вікенцьеўну: “Ідзі паглядзі на забойцу вашага сына”. Яна з годнасцю адказала: “Няхай яго Бог судзіць…”


Дарогамі Генрыха Юшкевіча

З таго часу прайшло семдзесят год. Памяць аб земляку ўвекавечана ў назве вуліцы. Сёння яе ашчадна зберагаюць вучні Забалацкага НПК пад кіраўніцтвам загадчыцы школьнага музея Фаіны Сцяпанаўны Войшніс.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

 Аўтар выказвае ўдзячнасць загадчыцы гісторыка-этнагра-фічнага музея “Спадчына” Забалацкага НПК Ф.С. Войшніс за дапамогу ў напісанні артыкула.

←Военные США проведут инспекцию в Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика