Mark Formelle пра “Кино”: Гэта ж мастацтва, фактычна — грамадскі здабытак!
markformelle.by
Пры стварэнні калекцыі “Кино” Mark Formelle "выканала неабходныя юрыдычныя працэдуры па захаванні аўтарскіх правоў". Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе кампаніі на запыт Еўрарадыё пра тое, ці ўзгадніла MF выпуск адзення з выявай Віктара Цоя і цытатамі з яго песень з правалаўдальнікамі.
MF: “Што ж тычыцца прэтэнзій, якія ўзніклі да калекцыі, дык мы даведаліся пра іх толькі са СМІ. На сувязь з нашай кампаніяй, за выключэннем журналістаў, ніхто не выходзіў. У выпадку, калі да нас звернуцца па любых падставах, уключаючы пытанні захавання аўтарскага права, мы заўсёды адкрытыя да дыялогу”.
З адказа, які атрымала Еўрарадыё, не вынікае, што кампанія Mark Formelle заключыла дамову на выкарыстанне выяваў Віктара Цоя і радкоў з песень гурта "Кино" з уладальнікамі правоў па іх. Але не вынікае і адваротнага.
Таксама ў адказе паведамляецца, што кампанія Mark Formelle выпускае ў сярэднім тры калекцыі ў тыдзень — каля 5000 дызайнерскіх работ за год. І гаворка ідзе не толькі пра ўласныя распрацоўкі, але і пра выпуск ліцэнзійных прадуктаў.
MF: “Так, на дадзены момант у нас заключаныя ліцэнзійныя пагадненні з Love is, Universal Pictures. А з Аргкамітэтам Еўрапейскіх гульняў у Мінску знаходзімся ў працэсе падпісання кантракта. Мы працуем у калабарацыі з вядомымі беларускімі і замежнымі дызайнерамі і мастакамі. І, паверце, ведаем, што такое захаванне аўтарскіх правоў”.