У Лельчыцкім раёне даішнікі спынялі трактар стральбой па колах
Здымак з архіву.
У Лельчыцкім раёне даішнікі спынялі трактар стральбой па колах. Перад гэтым трактарыст не спыніўся на шматлікія патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ. Як інфармуе сайт gp.by, здарэнне адбылося позна ўвечары 1 лютага. Даішнікі ў вёсцы Баравое звярнулі ўвагу на трактар, які рухаўся без рэгістрацыйнага знаку. Пачалася пагоня. Каб спыніць транспартны сродак, спачатку стралялі з табельнай зброі ў паветра, а пасля — па колах.
Высветлілася, што парушальнікам з'яўляецца 32-гадовы жыхар Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. На Гомельшчыну ён прыехаў на сваім асабістым трактары. Раней яго пазбавілі права на кіраванне, паколькі злавілі п'яным за рулём. Цяпер жа на палешука склалі чатыры адміністрацыйныя пратаколы — за кіраванне трактарам без права на гэта, за не пройдзены тэхагляд, за схаваны рэгістрацыйны знак і невыкананне патрабаванняў супрацоўнікаў ДАІ аб спыненні.